Грузія рэзка павялічыла імпарт беларускіх нафтапрадуктаў ва ўмовах абмежавання паставак з Расіі, паведамляе «Tbilisi Life».
Паводле інфармацыі рэсурсу, за першыя шэсць месяцаў 2026 года краіна закупіла ў Беларусі 52 тыс. тон паліва на 50,9 млн долараў — на 3.469% больш, чым за аналагічны леташні перыяд.
Праведзены «Позіркам» аналіз грузінскіх статыстычных даных паказаў, што 41,4 млн долараў са згаданай сумы прыпалі на другі квартал 2026 года. Пастаўляліся ў асноўным нафтавыя алівы і алівы, атрыманыя з бітумінозных мінералаў, якія не ўтрымліваюць біядызель, акрамя сырых нафтапрадуктаў і адпрацаваных аліваў.
Па выніках першай паловы 2026 года Беларусь накіравала ў РФ больш за 453 тыс. т бензіну, што амаль у 20 разоў больш, чым за аналагічны леташні перыяд, паведаміла 9 ліпеня ўкраінскае выданне «Апостраф» са спасылкай на інфармацыю агенцтва Reuters.
Паводле тых жа даных, экспарт беларускага дызельнага паліва ў РФ за першыя шэсць месяцаў вырас амаль у пяць разоў — да 256 тыс. тон.
На працягу апошніх тыдняў Украіна амаль штодня наносіць удары па расійскіх аб’ектах перапрацоўкі нафты і захоўвання нафтапрадуктаў, што прывяло да дэфіцыту паліва ў Расіі. У многіх гарадах РФ людзі гадзінамі стаяць у чэргах, каб заправіць машыны.
19 чэрвеня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заклікаў Аляксандра Лукашэнку спыніць пастаўкі нафтапрадуктаў расійскай арміі. На наступны дзень у звароце да суайчыннікаў ён заявіў, што толькі за студзень — травень пастаўкі бензіну з Беларусі ў Расію выраслі ў 13 разоў у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам, а дызельнага паліва — у тры разы.
8 ліпеня ўрад Расіі прыняў пастанову, згодна з якой уведзеная напрыканцы студзеня і дзейная па 31 ліпеня часовая забарона на экспарт дызельнага паліва, суднавага паліва і газойляў для асоб, якія не вырабляюць паліва, была распаўсюджаная і на яго вытворцаў.
аз