Урад атрымае паўнамоцтвы зацвердзіць пералік тавараў, якія трапяць пад забарону. Паводле Міністэрства замежных спраў, гаворка ідзе найперш пра кнігі і перыядычныя выданні, у першую чаргу на расійскай мове, а таксама відэагульні, спартыўныя тавары, цацкі, адзенне і абутак, — паведамляе Delfi.
За законапраект прагаласавалі 66 дэпутатаў. Папраўкі накіраваны на далейшае скарачэнне эканамічных сувязяў Латвіі з Расіяй і Беларуссю і дапаўняюць ужо дзеючыя санкцыі Еўрапейскага саюза.
Забарона будзе распаўсюджвацца не толькі на прамы імпарт з Расіі і Беларусі, але і на тавары беларускага або расійскага паходжання, якія паступаюць праз трэція краіны. Пры гэтым транзіт такой прадукцыі праз тэрыторыю Латвіі ў іншыя краіны ЕС застанецца дазволеным.
Міністр замежных спраў Латвіі Байба Бражэ заявіла, што пасля ўступлення закона ў сілу ўрад неадкладна зацвердзіць пералік забароненых тавараў. Паводле яе слоў, Расія выкарыстоўвае кнігі і перыядычныя выданні як інструмент прапаганды.
Урад прызнае, што найбольшы ўплыў новыя правілы акажуць на аптовых пастаўшчыкоў, якім давядзецца шукаць новых партнёраў. Магчымыя таксама рост коштаў і павелічэнне тэрмінаў паставак, аднак улады лічаць, што гэтыя тавары можна замяніць прадукцыяй з іншых краін.
Пры гэтым міністэрствы фінансаў і эканомікі Латвіі выказалі сумневы адносна эфектыўнасці новаўвядзення. Яны адзначылі, што нацыянальная забарона не зможа цалкам перакрыць паступленне расійскіх і беларускіх тавараў, калі яны ўжо выпушчаныя ў свабодны абарот у іншых краінах Еўрасаюза.
Паводле ўрада, з 2022 года імпарт з Расіі і Беларусі ў Латвію скараціўся на 91 працэнт — з больш як 2,1 мільярда еўра да 193 мільёнаў у 2025 годзе. Новая забарона закране тавары агульным коштам каля 12,5 мільёна еўра, што складае прыкладна 6,5 працэнта цяперашняга імпарту з Расіі і Беларусі.
нг