Цяпер заяўнікаў спачатку будуць уключаць у верыфікаваны ліст чакання, а пасля з'яўлення свабодных месцаў прапануюць выбраць час візіту, паведамляе візавы цэнтр VFS Global.
Новая сістэма дзейнічае з 17 жніўня і распаўсюджваецца на ўсе існуючыя катэгорыі заяўнікаў і тыпы віз. Спачатку трэба стварыць і актываваць уліковы запіс VFS Global, абраць візавы цэнтр, катэгорыю і падкатэгорыю візы. Затым сістэма папросіць загрузіць фатаграфію старонкі дзейнага пашпарта з асабістымі дадзенымі і прайсці лічбавую верыфікацыю асобы.
Пасля паспяховай праверкі заяўніка аўтаматычна ўключаць у верыфікаваны ліст чакання. На электронную пошту прыйдуць пацвярджэнне і індывідуальны нумар рэгістрацыі.
Калі консульства вылучыць свабодныя слоты, VFS Global разашле апавяшчэнні адпаведнай колькасці заяўнікаў. Пасля гэтага ў чалавека будзе 72 гадзіны, каб абраць дату і час падачы дакументаў. Калі за гэты час запіс не аформіць, дадзеныя выдаляць з чаргі і рэгістравацца давядзецца нанова. Перанесці ўжо абраны час нельга.
Пры гэтым раней пацверджаныя запісы на 17-31 жніўня застаюцца ў сіле. А тых, хто знаходзіўся ў старым лісце чакання да поўначы 17 жніўня, з яго аўтаматычна выдалілі — ім трэба рэгістравацца ў новай сістэме нанова.
Магчымасці атрымаць латвійскую візу для грамадзян Беларусі зараз істотна абмежаваныя. Прымаюцца заявы на доўгатэрміновыя візы, а на кароткатэрміновыя шэнгенскія — толькі ад асобных катэгорый. У прыватнасці, размова ідзе аб блізкіх сваяках грамадзян Латвіі і іншых краін ЕС, ЕЭЗ і Швейцарыі, сваяках беларусаў з правам пражывання ў Латвіі, людзях, якія едуць па гуманітарных падставах, а таксама некаторых работніках транспарту і маракоў. Звычайная турыстычная паездка ў гэты пералік не ўваходзіць.
Люстэрка/ав