Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Хто стаіць за кампаніяй «Патрыёт», якая рэкламуе свае футболкі і худзі кадрамі з рэальных затрыманняў

21.08.2026 09:07
У адным з ролікаў можна ўбачыць чалавека, якога затрымлівалі ў санвузле.
   .
Бізнесмен запусціў "патрыятычны" мерч.Аўтар: Patriot. Belarus, Instagram

Беларускі прадпрымальнік запусціў нестандартны бізнес: прадае «мерч», арыентаваны на супрацоўнікаў сілавых ведамстваў. У рэкламе ён выкарыстоўвае ў тым ліку кадры рэальных затрыманняў. «Люстэрка» распавядае, хто стаіць за «патрыятычнымі» футболкамі, худзі і шаўронамі.

Праект «Патрыёт» абвясціў аб сваім выхадзе на рынак у лістападзе 2025 года.

— Для тых, чыё жыццё поўнае сэнсу, драйву і адданасці сваёй справе і краіне,  — прэзентаваў аўтар першую калекцыю з выявай беларускага сілавіка і старажытнарускага воіна.

Пасля ў продажы з’явіліся футболкі з выявай узброенага Аляксандра Лукашэнкі, мікрааўтобуса з сілавікамі, розных відаў зброі. Асобныя калекцыі выпусцілі для супрацоўнікаў МНС, СОБРу, ДАІ, атрадаў спецназа «Рысь», «Цыклон» і «Беркут».

Для рэкламы ў TikTok і Threads аўтары выкарыстоўваюць спрэчны відэашэраг: паказваюць, як узброеныя сілавікі ў экіпіроўцы выскокваюць з мікрааўтобуса, выбіваюць уваходныя дзверы кавадлам, урываюцца ў кватэру. У адным з ролікаў можна ўбачыць чалавека, якога затрымлівалі ў санвузле.

Стылізаваныя малюнкі на гэтую тэму ёсць і на футболках. Напрыклад, майка з надпісам «Адчыняй» — на ёй пяць чалавек са зброяй і ў экіпіроўцы рыхтуюцца ўвайсці ў кватэру.

А на майцы з надпісам «Не паказваем твару» — фота супрацоўніка АМАПа ў балаклаве, які спрабуе рукой закрыць аб’ектыў фатографу. Сам кадр, відаць, зроблены ў Мінску восенню 2020 года падчас затрыманняў на адной з пратэстных акцый. Здымак — аўтарства фатографа «Камсамольскай праўды ў Беларусі». Ці атрымаў аўтар калекцыі дазвол на яго выкарыстанне — пытанне хутчэй рытарычнае.


Бізнесмен запусціў "патрыятычны" мерч. Бізнесмен запусціў "патрыятычны" мерч.

У лютым 2026 года праект зарэгістравалі афіцыйна на імя індывідуальнага прадпрымальніка Андрэя Гарбачова. Яго ж кантакты пазначаны ў Telegram «Патрыёта». Гарбачоў таксама рэгулярна дэманструе прадукцыю брэнда як мадэль. «Люстэрка» сабрала звесткі аб бізнесмене пры дапамозе ініцыятыў «Кіберпартызаны» і BELPOL.

Гарбачову 28 гадоў, ён вырас у Мінску. Паспеў папрацаваць вадзіцелем у службе пракату аўто, а таксама ў кампаніі «Экалогія горада», якая займаецца вывазам і перапрацоўкай адходаў. Таксама ён спрабаваў сябе ў ролі мадэлі і запускаў праект, прысвечаны дапамозе жывёлам.

У сацсетках «Патрыёта» аўтары рэгулярна пішуць пра «мірнае неба», святасць зброі і братэрства з Расіяй. Аднак якіх-небудзь сувязяў Гарбачова з сілавымі ведамствамі журналісты не знайшлі. Судзячы па сацсетках, яго родныя ўдзельнічаюць у цыганскім шоў «Алюр».

Праўда, Гарбачоў — не адзіны прадстаўнік «Патрыёта». На старонках праекта згадваўся яшчэ адзін член каманды, які палічыў за лепшае схаваць свой твар.

У якасці мадэляў у рэчах брэнда здымаліся ў тым ліку вядомы беларускі спартсмен Аляксандр Свірыд, а таксама Валянцін Гойка — былы спецназавец, які ў выніку ДТЗ апынуўся ў інвалідным вазку і стаў майстрам па манікюры. У адной з публікацый у сацсетках «Патрыёта» можна таксама ўбачыць Мікалая Карпенкова, намесніка кіраўніка МУС і камандуючага ўнутранымі войскамі.

нг