Міністэрства ўнутраных спраў 21 жніўня ўключыла яшчэ пяць чалавек у спіс «асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». Усяго ў пераліку цяпер 6 тыс. 824 пазіцыі, паведамляе партал «Позірк».
У спіс унесеныя палітвязні, члены экалагічнай ініцыятывы Green Network («Зялёная сетка») Глеб Герасімовіч і Аляксандр Мількамановіч. Абодва асуджаныя паводле ч. 2 арт. 3611 Крымінальнага кодэкса.
Кожны з іх быў прыгавораны ў ліпені 2026-га да 6 гадоў пазбаўлення свабоды. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, кожны з іх таксама аштрафаваны на 500 базавых велічынь (22 тыс. 500 рублёў).
Крымінальная справа была звязаная з рашэннем Камітэта дзяржаўнай бяспекі, які 30 ліпеня 2025 года прызнаў кааліцыю ініцыятыў Green Network «экстрэмісцкім фармаваннем». «Зялёная сетка» раней пазіцыянавала сябе як таварыства экалагічных арганізацый і экаактывістаў Беларусі.
З пазнакай «судзімасць не пагашаная» ў спіс «экстрэмістаў» уключаныя Уладзімір Юркевіч і Алена Таленец.
Таксама ў пералік дададзены музыкант Сяргей Міхалок, які знаходзіцца ў вышуку, на падставе прыгавора Мінскага гарадскога суда, які ўступіў у сілу, паводле ч. 1 арт. 130 і ч. 1 арт. 368 КК.
Мінскі гарадскі суд завочна прыгаварыў Міхалка да чатырох гадоў пазбаўлення свабоды.
Паводле абвінавачання, у 2021–2022 гадах музыка размяшчаў на Ютуб-канале BRUTTO NOSTRA, а таксама ў супольнасцях свайго гурта ў сацсетках відэазапісы з «негатыўнай ацэнкай» Аляксандра Лукашэнкі, выяўленай «у непрыстойнай, у тым ліку ненарматыўнай форме».
Акрамя таго, як заяўлялася, у сакавіку 2022 года Міхалок апублікаваў відэа, якое ўтрымлівала «негатыўную ацэнку супрацоўнікаў праваахоўных органаў і вайскоўцаў» і было накіравана на «ўзбуджэнне сацыяльнай варожасці па прыкмеце прафесійнай прыналежнасці».
Справа разглядалася ў парадку спецыяльнай вытворчасці, паколькі, як адзначала Генпракуратура, абвінавачаны пакінуў Беларусь у 2020 годзе.
Даведка «Позірку»
арт. 130 КК – распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы;
арт. 3611 – стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім;
арт. 368 – абраза прэзідэнта.
вс