У спіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў уключылі сайт і сацсеткі найбуйнейшага каталіцкага грамадска-палітычнага штотыднёвіка Польшчы Gość Niedzielny («Нядзельны Госць»), паведамляе «Люстэрка».
Як вынікае з абноўленага рэестра на сайце беларускага Мінінфарма, у пералік уключылі сайт выдання Gość Niedzielny, яго канал на Youtube, старонку ў Instagram, акаўнт у Facebook. Акрамя таго, «экстрэмісцкім» прызналі лагатып электроннага рэсурсу.
Адпаведнае рашэнне прыняў 20 жніўня суд Ленінскага раёна Гродна.
Што стала падставай для прызнання польскага каталіцкага выдання «экстрэмісцкім», Мінінфарм не ўдакладняе. У пачатку ліпеня Gosc Niedzielny апублікаваў інтэрв'ю з экс-палітвязнем і нобелеўскім лаўрэатам Алесем Бяляцкім.
Таксама ў «экстрэмісцкі» спіс 20 жніўня ўключылі Тэлеграм-канал «Кажа Віцебск»; Тэлеграм-боты «Ананімны зварот да адміністратара чату», «Бот дыяспары ў Кракаве» і Тэлеграм-бот «ГУЛАГ».
Раней пералік «экстрэмісцкіх» матэрыялаў папоўнілі сайты тэлеканала «Еўраньюс», ВПС NEWS Руская служба, выданні devby.io і многіх іншых незалежных сродкаў масавай інфармацыі.
Былая спецдакладчыца па правах чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн у сваім дакладзе адзначала, што ў Беларусі праява іншадумства нязменна спалучана з рызыкай крымінальнага пераследу і пакарання пад маркай супрацьдзеяння «тэрарызму» і «экстрэмізму».
вс