Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Беларусы з дыпламатычнымі пашпартамі фігуруюць у гучнай крымінальнай справе ў Турцыі

24.08.2026 17:22
Грамадзяне Беларусі згадваюцца ў матэрыялах справы рэлігійнага дзеяча і лідара кансерватыўнага ісламскага руху, падазраванага ў фінансавых злачынствах.
Турэцкая паліцыяReuters

Трое грамадзян Беларусі з дыпламатычнымі пашпартамі згадваюцца ў матэрыялах расследавання ў дачыненні да Аліхана Курыша — рэлігійнага дзеяча і лідара кансерватыўнага ісламскага руху «Сулейманджылар». Турэцкія сілавікі падазраюць кіраўнікоў руху ў стварэнні злачыннай арганізацыі, адмыванні грошай, махлярстве і іншых фінансавых злачынствах, заўважыла Reform.news у турэцкай прэсе.

Падчас расследавання следчыя звярнулі ўвагу на некалькі аўтамабіляў, якімі карысталіся людзі з атачэння Курыша. Паводле турэцкіх СМІ, тры з іх былі афіцыйна зарэгістраваныя на імя былога міністра ўнутраных спраў Турцыі Ідрыса Наіма Шахіна, паведамляе турэцкае выданне A Haber.

Адзін з гэтых аўтамабіляў, нумар 34 S 7815, выкарыстоўваўся для перавозкі трох беларусаў з дыпламатычнымі пашпартамі.

Паводле матэрыялаў справы, беларусы прыбылі ў Турцыю праз аэрапорт Бодрума 6 жніўня. Сістэма аўтаматычнага распазнавання нумароў зафіксавала іх 21 жніўня ў аўтамабілі, які рухаўся паміж курортнымі раёнамі Гюверджынлік і Тарба.

Пазней, паводле версіі следства, беларусаў перавезлі ў Бурсу, дзе іх перадалі ў іншы аўтамабіль. Пасля гэтага іх даставілі ў аэрапорт. 22 жніўня ўсе трое вылецелі з Турцыі ў Мінск.

Следчыя таксама высветлілі, што дзве SIM-карты, якімі, як мяркуецца, карысталіся беларусы, былі актываваныя 4 жніўня на імя Амера Юджэля — чалавека, звязанага з фігурантамі расследавання.

У справе ёсць і больш стары эпізод, звязаны з Беларуссю. Яшчэ ў 2011 годзе бізнэс-партнёр Юджэля Невзат Бюкюм паведамляў турэцкім уладам пра схему шантажу з выкарыстаннем жанчын, прывезеных з Беларусі. Паводле матэрыялаў расследавання, жанчын таемна здымалі, а атрыманыя запісы выкарыстоўвалі для ціску на людзей і ўплыву на вынікі тэндараў.

Пры гэтым сама наяўнасць трох беларусаў у матэрыялах расследавання не азначае, што яны з'яўляюцца падазраванымі або абвінавачанымі. У апублікаваных матэрыялах яны згадваюцца перадусім у сувязі з іх перамяшчэннем і транспартам, якім яны карысталіся.

nn.by/яс