Інтэрактыўны дыялог з Групай незалежных экспертаў па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі, якая выступіць з вусным дакладам (абноўленай інфармацыяй), запланаваны на першую палову дня 18 верасня. Пра гэта сведчыць папярэдні парадак дня 63-й сесіі Савета ААН па правах чалавека (СПЧ ААН), якая пройдзе 7 верасня — 7 кастрычніка ў Жэневе (Швейцарыя), паведамляе «Позірк».
Група незалежных экспертаў была створаная СПЧ 4 красавіка 2024 года «на аднаўляльны перыяд у адзін год» для расследавання і вызначэння фактаў, абставін і карэнных прычын усіх меркаваных парушэнняў і ўшчамленняў правоў чалавека і парушэнняў, здзейсненых у Беларусі з 1 траўня 2020 года, уключаючы іх гендарныя і ўзроставыя аспекты і іх уздзеянне на ахвяр і пацярпелых.
У яе ўвайшлі дырэктар Міжнароднага праекта па правах жанчын Сьюзан Базілі (Канада), загадчыца кафедры крыміналогіі юрыдычнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта Моніка Станіслава Платэк (Польшча) і юрыст-праваабаронца Карына Маскаленка (Расія; кіраўніца групы).
30 сакавіка 2026 года на 61-й сесіі СПЧ ААН мандат групы быў падоўжаны на адзін год — «з мэтай садзейнічання прыцягненню да адказнасці і спыненню беспакаранасці за парушэнні правоў чалавека ў Беларусі». Тады ж СПЧ папрасіў групу «прадставіць на 63-й сесіі вусную абноўленую інфармацыю», на 64-й — усёабдымны даклад.
На 61-й сесіі быў разгледжаны апошні на гэты момант даклад групы, у якім, сярод іншага, гаворыцца, што беларускія ўлады «працягваюць сістэматычна парушаць» правы чалавека: адвольна арыштоўваюць і затрымліваюць людзей за іх «фактычную або меркаваную апазіцыю ўраду», умовы ўтрымання ў месцах несвабоды «з’яўляюцца бесчалавечнымі», зняволеныя «зазнаюць катаванні ды неправамернае абыходжанне».
Да ліпеня 2027 года дзейнічае зацверджаны СПЧ ААН мандат спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Нілса Раймандса Муйжніекса.
аз