Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

«Няма падстаў казаць пра змякчэнне рэпрэсій»: колькі беларусаў летам 2026 года трапілі ў «спіс экстрэмістаў»

27.08.2026 12:35
На дадзены момант, паводле праваабаронцаў, за тры летнія месяцы ў пералік трапілі не менш за 174 чалавекі.
Ілюстрацыйнае фотаpatrick489/pixabay.com/CC0 Public Domain

Летам 2026 года беларускія ўлады працягнулі рэгулярна папаўняць пералік асоб, якія маюць дачыненне да «экстрэмісцкай дзейнасці». Толькі за чэрвень і ліпень у яго дадалі 161 чалавека. У жніўні, паводле ўжо апублікаваных абнаўленняў, — яшчэ як мінімум 13. Такім чынам, на дадзены момант за тры летнія месяцы ў пералік трапілі не менш за 174 чалавекі.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляў, што ў чэрвені Міністэрства ўнутраных спраў дадало ў пералік 95 чалавек. У ліпені спіс папоўніўся яшчэ на 66 чалавек.

 Гэта крыху менш, чым у 2023 і 2025 гадах (117 і 107 сярэдняя колькасць за месяц адпаведна), але больш, чым у 2024 (88). У кантэксце бесперапынных арыштаў па «Справе Гаюна», шырока распаўсюджаным пераследам асоб, датычных да ЕГУ і традыцыйнага пераследу за рэалізацыю свабоды меркавання па арт. 130 КК (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы) і дыфамацыйных артыкулах, няма падстаў казаць пра змякчэнне рэпрэсій і вяртанне да прававой дзяржавы,  распавядае праваабаронца і эксперт «Вясны» Павел Сапелка.

У жніўні папаўненні Спісу працягнуліся. 7 жніўня МУС дадало чатырох чалавек. Сярод іх  палітвязні Валянцін Лазоўскі, Андрэй Цыганкоў, Васіль Краўчук і Максім Дземчук. Першых трох асудзілі паводле арт. 369 КК за «абразу прадстаўніка ўлады», а апошняга  паводле ч. 2 арт. 293 КК за «ўдзел у масавых беспарадках».

Наступнае папаўненне адбылося 21 жніўня. Тады МУС дадало яшчэ пяць чалавек: Уладзіміра Юркевіча, Алену Таленец, Сяргея Міхалка, Глеба Герасімовіча і Аляксандра Мількамановіча. Такім чынам, агульная колькасць людзей у пераліку вырасла да 6824.

Паколькі афіцыйнай выніковай статыстыкі «Вясны» за ўвесь жнівень яшчэ няма, 13 чалавек  гэта не поўная лічба за месяц, а колькасць, якую можна пацвердзіць па ўжо апублікаваных жнівеньскіх абнаўленнях. Адпаведна, 174 чалавекі  таксама мінімальная колькасць за чэрвень, ліпень і частку жніўня.

 Амаль адзіны публічны афіцыйны спіс ахвяр пераследу  гэта «Спіс асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці». У нас няма дакладнага тлумачэння дзіўнага зніжэння колькасці «экстрэмістаў» у жніўні, адзінае верагоднае  гэта меркаваны прыезд у Беларусь прадстаўніка прэзідэнта ЗША Джона Коула ў верасні, да якога рэжым рыхтуе больш мяккую карцінку. Таму што да жніўня суды і МУС, які вядзе спіс «экстрэмістаў», працавалі ў сваім звычайным рэжыме: ў сярэднім 95 асуджаных у спісе штомесяц,  тлумачыць сітуацыю праваабаронца.

Адна з найбольш прыкметных тэндэнцый  масавае выкарыстанне арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Паводле «Вясны», толькі з пачатку 2026 года ў «спіс экстрэмістаў» ужо дадалі 462 чалавекі, асуджаных за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Значная частка новых фігурантаў трапляе ў пералік менавіта пасля такіх прысудаў.

Асобны прыклад  «справа Беларускага Гаюна». На канец ліпеня «Вясна» ведала пра 221 пацверджанага асуджанага па гэтай справе, аднак агульная колькасць яе фігурантаў значна большая.
Пад пераслед трапляюць і беларусы, якія жывуць за мяжой.

Другі прыкметны кірунак  арт. 342 КК, які прадугледжвае адказнасць за «арганізацыю або ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак», а таксама арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках).

Яшчэ адзін стабільны кірунак  дыфамацыйныя артыкулы, якія выкарыстоўваюцца для пераследу за выказванні пра прадстаўнікоў улады.

Сярод іх  арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі) і арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады).
У палітычных справах працягвае выкарыстоўвацца і арт. 130 КК (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы).

Пры гэтым характэрная рыса апошніх гадоў  спалучэнне некалькіх артыкулаў у адной справе.

Паводле Паўла Сапелкі, праваабаронцы па-ранейшаму кажуць пра катастрафічны стан правоў чалавека ў Беларусі, немагчымасць рэалізацыі базавых свабод, кшталту свабоды асацыяцый, меркаванняў і сходаў. Нават ва ўмовах амаль знішчанага грамадскага асяродка людзі спрабуюць выказвацца ці рабіць нейкія крокі каб наблізіць дэмакратычныя перамены, але для іх ёсць высокая верагоднасць стаць ахвярай рэжыму. Гэтая рызыка засталася нават для тых, хто даўно не праяўляў актыўнасці, але рэжым і тут намагаецца адшукаць вінаватых і адпомсціць ім.

 Калі намі будзе зафіксаванае сапраўднае спыненне ці скарачэнне бягучых крымінальных рэпрэсій, то прыйдзе час паставіць пытанне пра існаванне такіх спісаў і практык, пра неабходнасць вызвалення людзей, якія пацярпелі за свае меркаванні і рэалізацыю правоў, ад дадатковых абмежаванняў у правах з-за ўключэння ў Спіс,  падводзіць вынікі агляду Павел Сапелка.

аз

Палітычны пераслед у Беларусі выходзіць за межы краіны

26.08.2026 13:21
Лукашэнкаўская рэпрэсіўная машына ўсё больш засяроджваецца на тых, хто знаходзіцца па-за межамі краіны.