З 1 верасня ў беларускіх школах зменіцца парадак пропуску ў будынкі, паведамляе «Наша Ніва».
Супрацоўнікі і работнікі Дэпартамента аховы атрымаюць права праводзіць выбарачны агляд ручной паклажы ўсіх, каго палічаць неабходным, у тым ліку непаўналетніх. Пры гэтым прысутнасць бацькоў пры праверцы дзіцяці цяпер не патрабуецца. Пра новыя правілы ў эфіры «Радыё Мінск» расказаў першы намеснік начальніка Маскоўскага аддзела аховы сталіцы, падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Сях.
Ён паведаміў, што правяраць могуць не толькі школьнікаў, але і ўсіх, хто заходзіць ва ўстанову адукацыі: бацькоў, іншых наведнікаў, супрацоўнікаў школы.
Выбарачны агляд, паводле яго слоў, не будзе беспадстаўным. Падставай для праверкі школьніка могуць стаць яго паводзіны або інфармацыя, атрыманая ад педагогаў.
Пры аглядзе непаўналетняга абавязкова павінен прысутнічаць прадстаўнік педагагічнага калектыву. Бацькі пры гэтым могуць не прысутнічаць.
На пастах аховы ў школах таксама павінны быць размешчаныя пералікі прадметаў, забароненых да праносу ва ўстанову адукацыі.
Новыя правілы звязаныя з пастановай Савета Міністраў №307 «Аб ажыццяўленні ахоўнай дзейнасці», прынятай 19 чэрвеня 2026 года. Паводле слоў прадстаўніка аховы, гэты дакумент адмяніў ранейшыя нарматыўныя акты і ўвёў новыя паўнамоцтвы для супрацоўнікаў і работнікаў аховы.
аз