Перспектывы дэмакратычнага транзіту ў Беларусі і ўзаемадзеянне з беларускімі дэмсіламі абмяркоўваў з удзельнікамі сустрэч, арганізаваных Моладзевай радай і Грамадскай радай пры Міністэрстве замежных спраў Украіны, амбасадар МЗС Украіны па асаблівых даручэннях Яраслаў Чарнагор.
Дыпламат, які адказвае ў тым ліку за сувязі з беларускімі дэмакратычнымі сіламі, адзначыў на сваёй старонцы ў інстаграме, што для Украіны гэта «не толькі пытанне стасункаў з суседняй дзяржавай».
— Ад будучыні Беларусі ў значнай ступені залежыць бяспека ўсяго рэгіёна. Таму ўжо сёння важна падтрымліваць адкрыты і адказны дыялог з тымі, хто выступае за дэмакратычнае і суверэннае развіццё Беларусі, — падкрэсліў ён.
Як нагадвае «Позірк», 8 жніўня ў Варшаве Чарнагор выступіў на канферэнцыі «Новая Беларусь». Удзельнікі форума акрэслілі шэраг праблемных тэм, у прыватнасці, адзначылі, што беларусы пацярпелі ад блакавання рахункаў ва Украіне; удовы загінулых ваяроў, якія змагаліся на баку Украіны супраць РФ, не атрымліваюць дапамогі ад дзяржавы; у беларускіх грамадзян маюцца праблемы з легалізацыяй. Акрамя таго, уздымалася пытанне пра ўшанаванне памяці тых беларусаў, якія аддалі жыццё за Украіну.
Дыпламат прызнаў, што «гэта вельмі непрыемна», але падкрэсліў, што «ўкраінцы яшчэ маюць шэраг сваіх праблем, якія патрабуюць вырашэння».
— Украінская дзяржава, знаходзячыся ва ўмовах вайны, усё ж з’яўляецца дэмакратычнай дзяржавай. Яна прыслухоўваецца да тых патрабаванняў, якія падае беларуская супольнасць ва Украіне, а таксама грамадзянская супольнасць Украіны, і стараецца рэагаваць па меры сваіх магчымасцяў, — адзначыў ён.
Але гэтых магчымасцяў не так шмат, бо кожную ноч Украіна пакутуе ад паветраных удараў з боку Расіі, «гінуць звычайныя людзі, не вайскоўцы», гінуць дзеці, сказаў дыпламат.
Чарнагор адзначыў, што шмат пытанняў на канферэнцыі гучала такім чынам, нібы Украіна ўжо на парозе міру.
— Але насамрэч пытанне ў тым, што, магчыма, мы на парозе яшчэ большай вайны, і для ўкраінскай дзяржавы гэта вялікі выклік, — падкрэсліў ён.
Паводле слоў прадстаўніка МЗС, Украіна занепакоена магчымым удзелам Беларусі ў вайне на баку Расіі.
— Калі мы глядзім на небяспеку пашырэння вайны, тады шмат пытанняў здымаюцца, і дзейнасць украінскай дзяржавы, улады становіцца больш зразумелай, — заявіў Чарнагор.
аз