Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Літва дэпартавала 22 беларускіх айцішнікаў і забараніла ім уезд у Шэнгенскую зону на 5 гадоў

07.09.2026 14:13
Іх прызналі «пагрозаю нацыянальнай бяспецы».
Літоўскія сцягіshutterstock/Janis Smits

Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы прызнаў 22 беларусаў, якія працавалі ў IT-кампаніі, «пагрозаю нацыянальнай бяспецы». Іх дэпартавалі з забаронаю на ўезд у Шэнгенскую зону на 5 гадоў.

Дазволы на часовае пражыванне гэтых асобаў у Літве былі скасаваныя, паведаміла Літоўскае нацыянальнае радыё і тэлебачанне (LRT), на што звярнуў увагу Белсат.

Гэтыя беларусы працавалі ў кампаніі, якая была партнёрам Агенцтва касмічнай праграмы Еўрасаюза (EUSPA) і, як сцвярджалі літоўскія праваахоўнікі, махлярскім шляхам атрымала амаль 500 тысяч еўра.

Паводле следства, гэтая фірма хавала сувязі з беларускай і расійскай вайсковай прамысловасцю. У справе – два фігуранты, гэта таксама беларусы, бацька і сын. Яны прызналі віну і скампенсавалі шкоду. Паводле неафіцыйных звестак медыяў, ідзецца пра кампанію NTLab.

Улады Літвы часта анулююць дазволы на жыхарства беларусаў праз частыя паездкі на радзіму, праз службу ў войску, працу ў сілавых або дзяржаўных структурах.

Лік беларусаў, якія жывуць у Літве, пастаянна скарачаецца. У студзені 2024 года, паводле міграцыйнай службы, дазвол на жыхарства ў Літве мелі 62 167 грамадзян Беларусі, у жніўні 2026-га – 48 283.

яс