Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

У Беларусі ёсць школа, дзе ў першы клас пайшло толькі адно дзіця

07.09.2026 16:08
Агулам у мясцовай сярэдняй школе вучацца 26 дзяцей.
 .
Ілюстрацыйнае фота.Фота з адкрытых крыніц

У вёсцы Бакшты Іўеўскага раёна сёлета з'явіўся толькі адзін першакласнік — Даніла. Агулам у мясцовай сярэдняй школе вучацца 26 дзяцей, таму некаторыя класы тут складаюцца ўсяго з некалькіх чалавек, перадае «Люстэрка» услед за АНТ.

Даніла — пятае дзіця ў сямʼі. У школе ён займаецца адзін: сядзіць за першай партай насупраць настаўніка, адказвае на кожным уроку і выходзіць да дошкі.

У 11-м класе, напрыклад, усяго тры вучаніцы. Адна са старшакласніц параўнала такое навучанне з заняткамі ў рэпетытара.

Таксама дырэктарка школы Святлана Чакавая лічыць невялікую колькасць дзяцей перавагай, бо настаўнік можа надаваць больш увагі кожнаму. Яна падкрэсліла, што выпускнікі паступаюць у ВНУ на бюджэт без дадатковай падрыхтоўкі.

Па дадзеных Мінадукацыі, у 2026/2027 навучальным годзе ў беларускіх школах на аднаго настаўніка ў сярэднім прыпадае 11 вучняў: у гарадскіх школах — 13, а ў сельскіх — шэсць.

яс