Улады Латвіі збіраюцца забараніць рэгулярныя аўтобусныя спалучэнні з Беларуссю і Расіяй, у тым ліку і транзітныя рэйсы праз тэрыторыю краіны. Адпаведныя папраўкі падрыхтавала і ўнесла на разгляд ураду міністэрства транспарту, піша Delfi.
Цяпер дзейнічае адзін рэгулярны аўтобусны маршрут паміж Латвіяй і Расіяй. Яго штодня выконвае кампанія Norma-A, якая працуе пад брэндам Ecolines. Дазвол на гэты маршрут дзейнічае да 9 студзеня 2027 года — працягваць яго дзейнасць не плануецца.
Нерэгулярныя аўтобусныя пасажырскія перавозкі ў Расію і Беларусь улады Латвіі забаранілі з 1 лістапада 2025 года. Забарона дзейнічае да 31 кастрычніка 2026 года. Яе плануюць падоўжыць яшчэ на год.
Улады Латвіі неаднаразова заклікалі жыхароў краіны ўстрымацца ад паездак у Расію і Беларусь, а Служба дзяржаўнай бяспекі папярэджвала аб рызыцы арышту ці вярбоўкі.
У сваю чаргу перавозчык Ecolines ацаніў прамую шкоду ад такой забароны прыкладна ў чатыры мільёны еўра ў год, а дадатковыя страты з-за прастою аўтобуснага парку — яшчэ прыкладна ў два мільёны еўра ў год.
Крыніца: Delfi/юл