Прадстаўнікі знешнепалітычных ведамстваў Беларусі і Расіі правялі 10 верасня кансультацыі «па тэматыцы еўразійскай бяспекі і распрацоўкі Еўразійскай хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXI стагоддзі», паведамляе «Позірк» са спасылкай на прэс-службу беларускага МЗС.
Адзначаецца, што бакі падсумавалі вынікі «праведзенай у 2026 годзе сумеснай працы па прасоўванні канцэпцыі Еўразійскай хартыі» і абмеркавалі пытанні падрыхтоўкі міністэрскай сустрэчы па запуску перагаворнага працэсу па Хартыі, якая адбудзецца 25 верасня 2026 г. на палях 81-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку, а таксама арганізацыю перагаворнага працэсу ў цэлым.
Заяўлена, што ў рамках кансультацый адбылася сустрэча намесніка міністра замежных спраў Беларусі Ігара Сякрэты з амбасадарам па асаблівых даручэннях МЗС РФ Аляксандрам Трафімавым.
Ідэя распрацоўкі Еўразійскай хартыі ўпершыню была агучаная на Міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы ў Мінску ў кастрычніку 2023 года. Дакумент дагэтуль на стадыі фармавання, таму канчатковага тэксту яшчэ няма.
Аднак напрыканцы 2024 года кіраўнік МЗС Беларусі Максім Рыжанкоў і яго расійскі калега Сяргей Лаўроў падпісалі дакумент, у якім прадстаўлена «сумеснае бачанне» гэтай хартыі.
Сярод іншага ён утрымлівае неаднаразова агучаныя — як беларускім, так і расійскім бокам, — заклікі да пабудовы шматпалярнага свету на падставе разнастайнасці. Пры гэтым асабліва вылучаецца роля Еўразіі як «геаграфічнага цэнтра і матэрыяльнага падмурка шматпалярнага свету, што цяпер фармуецца, дзе размешчаныя старажытныя цывілізацыі, вакол якіх склаліся дзяржавы, інтэграцыйныя аб’яднанні, рэгіянальныя арганізацыі і цэнтры сілы».
Адметна, што Еўрапейскі саюз аўтары да такіх аб’яднанняў і цэнтраў сілы не адносяць.
аз