Дзесяць беларусаў паўстануць перад судом у Польшчы за незаконную вытворчасць цыгарэт. Расследаванне па гэтай справе вяла Рэгіянальная пракуратура ў Гданьску.
Падробленыя тытунёвыя вырабы вырабляліся на фабрыцы ў Паўліцах (поль. Pawlicach) каля Квідзына (поль. Kwidzyn) у Паморскім ваяводстве, якую Памежная і Мытна-падатковая службы закрылі ў сакавіку гэтага года, паведаміў Марыюш Марціняк (Mariusz Marciniak) з Рэгіянальнай пракуратуры ў Гданьску.
— У выніку ператрусу была канфіскавана цэлая вытворчая лінія па ўпакоўцы цыгарэт, а таксама вялікая колькасць тытуню, кампанентаў, гатовай прадукцыі і адходаў пасля вытворчасці. Сярод іх было больш за 4 мільёны цыгарэт, больш за 5 тон курыльнага тытуню, больш за 12 тон сушанага тытуню, больш за 30 тон цыгарэт, упакаваных і гатовых да транспарціроўкі, а таксама абсталяванне і машыны, неабходныя для вытворчасці, такія як барабанная сушылка і рэзальныя машыны, — кажа Марыюш Марціняк.
Паводле звестак следства, з-за нявыплачаных падаткаў Дзяржаўная казна страціла 29 мільёнаў злотых (амаль 7 мільёнаў еўра).
Беларусы прызналі сябе вінаватымі і добраахвотна пагадзіліся на пакаранне. Яны просяць пакараць іх адным годам пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання і штрафам у памеры 24 000 злотых (больш за 5,5 тысячы еўра) кожнаму.
Справу будзе разглядаць акруговы суд у Гданьску. Расследаванне ў дачыненні да арганізатараў незаконнай дзейнасці ўсё яшчэ працягваецца.
IAR/аз