— Мы завершым у 2027 годзе праектаванне аграгарадка разам з некаторымі аграпрамысловымі комплексамі. І калі ўсё будзе добра, то ў 2027 годзе плануем там пачаць сумеснае будаўніцтва, — сказаў дыпламат, дадаўшы, што ў тым жа годзе плануецца размясціць у Агдаме сумесную вытворчасць ліфтаў.
У кастрычніку 2024 года міністр сельскай гаспадаркі Азербайджана Меджнун Мамедаў і Анатоль Ліневіч, які тады ўзначальваў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі, падпісалі дарожную карту з «сумеснымі захадамі па развіцці вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі». Дакумент сярод іншага прадугледжваў «развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці ў Агдамскім раёне», а таксама «праектаванне аграгарадка ў сяле Гызыл-Кенгерлі».
Большая частка Агдамскага раёна — тэрыторыя, якую Баку лічыў сваёй, а ААН разглядала як частку Азербайджана, — у 1993–2020 гадах знаходзілася пад кіраваннем непрызнанай Нагорна-Карабахскай Рэспублікі (НКР).
Падчас апошняга карабахскага ваеннага канфлікту (першая фаза — восень 2020 года, другая — восень 2023-га) улады Беларусі фактычна падтрымалі Азербайджан, а не Арменію — сваю саюзніцу па шэрагу інтэграцыйных аб’яднанняў, у тым ліку па Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ). У выніку канфлікту НКР спыніла існаванне, а тэрыторыі, якія яна кантралявала, перайшлі пад кантроль Баку.
Крыніца: «Позірк. Навіны пра Беларусь»/юл