Прадстаўнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ў Беларусі Джон Коўл паведаміў агенцтву «Reuters» у сераду, што плануе зноў наведаць краіну прыкладна праз месяц, спадзеючыся дамагчыся вызвалення яшчэ сотняў зняволеных.
— Спадзяюся, што [вызваляць] сотні. Я не ведаю. Гэта мая надзея, — сказаў Коўл пра наступную паездку ў Мінск.
Ён таксама заявіў, што ўпэўнены ў магчымасці дамагчыся вызвалення значна большай колькасці людзей.
У сераду Беларусь пагадзілася вызваліць 25 зняволеных у абмен на далейшае змякчэнне санкцый з боку ЗША, паколькі Вашынгтон заклікае прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку вызваліць праваабаронцаў, палітычных актывістаў і іншых асоб.
Reuters/ав