Сярод іх Людміла Чэкіна, Павел Белавус, Яўген Юшкевіч, Аляксандр Чумакоў, Дзяніс Сальмановіч, Сяргей Рабцаў, Кірыл Гняздзілаў, Яўген Юшкевіч, Павел Петручэня.
Мікрааўтобусы з групай прыбылі да Цэнтру беларускай салідарнасці ў Варшаве ў пятніцу ў другой палове дня.
Былых беларускіх палітзняволеных прывіталі міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі і ўпаўнаважаны МЗС Польшчы ў пытаннях супрацы з беларускімі дэмакратычнымі сіламі Адам Галаціньскі.
Дэмакратычныя сілы цягам трох дзён працавалі з МЗС, каб частка людзей магла пераехаць і легалізавацца ў Польшчы, паведаміў Павел Латушка. Ён адзначыў, што ў Галоўнай камендатуры памежнай службы гатовыя на наступным тыдні прыняць былых беларускіх палітзняволеных, якія вырашылі падацца на міжнародную абарону.
Праваабаронцы, арганізацыя «Вольныя» і ЦБС будуць суправаджаць былых палітзняволеных на шляху легалізацыі.
Паводле Латушкі, дзевяць з тых, хто прыехаў у Польшчу, збіраюцца застацца ў Варшаве, яшчэ адзін чалавек паедзе ў Беласток.
Частка людзей мае ў Польшчы блізкіх і зможа жыць з імі, астатнім акажуць дапамогу шэлтары.
Нагадаем, з Вільні, куды 25 чалавек 16 верасня пры дапамозе ЗША вывезлі з Беларусі пасля вызвалення, у Польшчу вырашылі пераехаць 10 чалавек. Яны плануюць падацца на міжнародную абарону і пачаць легалізацыю. Яшчэ 13 чалавек застануцца ў Літве, двое паедуць у іншыя краіны.
На тое, каб частка былых палітвязняў змагла прыехаць у Польшчу, Павел Латушка прасіў згоды ў польскім МЗС.
Паводле Белсат/яс