Украіна можа непублічна адрэагаваць на працу ў Беларусі рэтранслятараў, якія, паводле Кіева, выкарыстоўваюцца для кіравання расійскімі беспілотнікамі. Пра гэта заявіў амбасадар па асаблівых даручэннях МЗС Украіны Яраслаў Чарнагор. Пра магчымую рэакцыю Кіева паведамляе выданне «Позірк».
Паводле Кіева, у верасні ў Гомельскай вобласці аднавілі працу чатыры рэтранслятары. Яны дазваляюць павялічваць далёкасць палёту расійскіх дронаў і кіраваць імі ў рэжыме рэальнага часу. Ва Украіне сцвярджаюць, што з іх дапамогай 13 верасня былі атакаваныя ўкраінскія цягнікі і заправачныя станцыі каля польскай мяжы.
Рэтранслятары зафіксавалі каля Хойнікаў, аграгарадка Махнавічы, а таксама вёсак Дэрбінка і Буда-Сафіеўка.
Пры гэтым Чарнагор заявіў, што Украіна цяпер не чакае паўтарэння з тэрыторыі Беларусі сцэнару 2022 года. Паводле яго, значнай канцэнтрацыі войскаў там няма, аднак Беларусь па-ранейшаму разглядаецца Кіевам як крыніца патэнцыйнай пагрозы.
эж