Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Офіс Ціханоўскай:  «Паездка па новы пашпарт у Беларусь – гэта гульня ў рулетку з вашай свабодай».

21.09.2026 13:25
Дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях заклікаў беларусаў не арыентавацца на гісторыі людзей, якія з'ездзілі ў Беларусь і вярнуліся. 
Ілюстрацыйнае фотаObraz Steve Buissinne z Pixabay/CC0

У беларускіх дыяспаральных групах пачалі рэгулярна з'яўляцца гісторыі людзей, якія з'ездзілі ў Беларусь, без праблем падалі дакументы на новы пашпарт і вярнуліся назад. Нехта піша, што на мяжы ўсё прайшло спакойна, а праверка тэлефона заняла некалькі хвілін.

Але такі досвед не азначае, што паездка бяспечная для іншых. У кожнага чалавека свая сітуацыя, а наступствы могуць быць зусім рознымі, папярэджвае Офіс Ціханоўскай.

Дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў зазначыў, што «чужы станоўчы досвед паездкі ў Беларусь сёння не можа быць гарантыяй бяспекі. Тое, што некага хутка прапусцілі праз мяжу, не азначае, што з вамі будзе гэтак жа».

Эксперт нагадаў, што было шмат выпадкаў допытаў, шматгадзінных праверак, жорсткіх асабістых надглядаў — аж да патрабавання распрануцца, — затрыманняў і крымінальнага пераследу тых, хто з эміграцыі прыязджаў у Беларусь. Больш за тое, сілавікі могуць прапусціць чалавека праз мяжу, а затрымаць ужо праз некалькі дзён пасля вяртання дадому.

— Паездка ў Беларусь па новы пашпарт — гэта фактычна гульня ў рулетку з уласнай свабодай. Можна атрымаць дакумент і вярнуцца, а можна прыехаць па пашпарт і ўжо не атрымаць магчымасці выехаць. Больш бяспечна шукаць даступныя варыянты легалізацыі ў краіне пражывання, чым рызыкаваць свабодай дзеля пашпарта, — папярэдзіў Леанід Марозаў.

Крыніца: Светлана Тихановская/юл