За студзень-ліпень замест запланаванага росту эканомікі на 2,9 працэнта зафіксавана зніжэнне на 0,2 працэнта. Колькасць стратных арганізацый вырасла, а запасы гатовай прадукцыі на складах павялічыліся на 19% — да 1,3 млрд рублёў.
Фінансавыя паказчыкі арганізацый вобласці за паўгоддзе неаднародныя. Выручка знізілася на 6,8%, да 25,03 млрд рублёў, прыбытак ад рэалізацыі — на 1,6%, да 1,075 млрд. Пры гэтым чысты прыбытак вырас на 7%, да 684,2 млн рублёў.
Асабліва паказальны рост колькасці стратных арганізацый, з 90 да 132 — на 46,7%. Такім чынам іх доля вырасла з 10,4% да 15,3%, а агульная чыстая страта — на 5,1%, да 323,5 млн рублёў.
На 1 жніўня колькасць занятых скарацілася на 3517 чалавек, ці на 0,8%. Асобна прыведзены суадносіны прыёму і звальненняў: прынялі 46 920 чалавек, звольнілі 50 283. Выбыццё перавысіла прыём на 3363 чалавекі.
Праблемы ёсць і ў сельскай гаспадарцы. Пагалоўе буйной рагатай жывёлы скарацілася на 47,5 тысячы галоў, ці на 10%. Частка інвестыцыйных праектаў пры гэтым не забяспечана фінансаваннем і неабходнай падрыхтоўкай.
Крыніца: BELPOL/юл