Прэзентацыя даследавання, якое праводзіў Media IQ, адбылася падчас канферэнцыі «Беларускія медыя: якасць, давер, стандарты» 18 верасня ў Вільні.
Даследаванне — гэта медыяметрыка 13 рэдакцый незалежных СМІ, а таксама сацыялагічнае анлайн-апытанне гарадскіх жыхароў Беларусі.
Паводле Паўлюка Быкоўскага, беларускія незалежныя медыя, нягледзячы на блакаванні, захоўваюць масавы ахоп унутры Беларусі:
— Кантэнт не проста захаваўся — ён вырас. За год колькасць праглядаў кантэнту 13 рэсурсаў у Беларусі павялічылася на 168 мільёнаў, галоўным чынам за кошт кароткіх відэа. Рэдакцыі адаптаваліся да таго, якое зараз ёсць медыяспажыванне і якім чынам можна дагрукацца да аўдыторыі. Рэдакцыі, якія ўдзельнічалі ў даследаванні, трымаюць на 6 платформах 133 акаўнты трох тыпаў: асноўныя брэндаваныя, нябрэндаваныя і рэзервовыя акаўнты. Амаль 32% рэспандэнтаў з ліку гарадскога насельніцтва «дэкларуюць кантакт з незалежнымі медыя. Можна казаць, што, хутчэй за ўсё, лічба гэтая большая, але не кожны гатовы гэта пацвердзіць, — зазначыў Быкоўскі.
Паводле даследавання, у аўдыторыі незалежных медыя можна ўбачыць больш выразную праеўрапейскую арыентацыю: 11% — ва ўсёй выбарцы апытаных, 33% — у адасобленай аўдыторыі са схільнасцю да незалежных СМІ, 67% у лаяльнай аўдыторыі незалежных СМІ.
Крыніца: БАЖ/юл