Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Фінляндыя выдзеліць яшчэ 100 тыс. еўра на дапамогу беларускім палітвязням

23.09.2026 16:03
Грошы накіруюць праз Міжнародны гуманітарны фонд і беларускія праваабарончыя арганізацыі.
Сцяг Фінляндыіjorono/pixabay.com/CC0 Public Domain

Фінляндыя дадаткова выдзеліць 100 тысяч еўра на дапамогу беларусам, якія пацярпелі ад палітычных рэпрэсій. Пра гэта абвясцілі пасля сустрэч Святланы Ціханоўскай з прадстаўнікамі фінскага МЗС на палях Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку, паведамляе «Радыё Свабода».

Грошы накіруюць праз Міжнародны гуманітарны фонд і беларускія праваабарончыя арганізацыі. Дапамогу змогуць атрымаць палітвязні, вызваленыя з калоній і турмаў, а таксама сем’і рэпрэсаваных. Фонд фінансуе юрыдычную, псіхалагічную і іншую падтрымку.

— Мы павінны быць гатовыя да новых вызваленняў загадзя, каб чалавек, які выходзіць з турмы, адразу атрымаў неабходную падтрымку, — заявіла Ціханоўская.

Гэта ўжо другі ўнёсак Фінляндыі ў фонд. Пытанне дапамогі стала асабліва актуальным пасля вызвалення 16 верасня 25 палітвязняў, якіх вывезлі ў Літву. Пры гэтым рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца: паводле «Вясны», на 23 верасня палітвязнямі прызнаныя 884 чалавекі.

эж