Анджэй Пачобут лічыць, што разлічваць на «перазагрузку» або пацяпленне адносін з Мінскам не варта. Паводле журналіста, Аляксандр Лукашэнка не зважае на меркаванне Захаду, але зацікаўлены ў эканамічным супрацоўніцтве і гатовы да дамоўленасцяў паводле прынцыпу «нешта ўзамен на нешта».
Пра гэта Пачобут заявіў у Таронта падчас сустрэчы з прадстаўнікамі польскай дыяспары. Журналіст цяпер наведвае Канаду і ЗША, дзе расказвае пра сітуацыю ў Беларусі.
Паводле Пачобута, беларускія падзеі трэба разглядаць у кантэксце вайны ва Украіне. Ён лічыць, што гэта глабальнае супрацьстаянне дэмакратычных і аўтарытарных каштоўнасцяў.
Пачобут падкрэсліў, што Лукашэнка з'яўляецца самастойным палітычным гульцом, асабліва ва ўнутранай палітыцы, і яго нельга лічыць марыянеткай Масквы. Пры гэтым асноўная зацікаўленасць беларускага кіраўніцтва ў супрацоўніцтве з Захадам звязаная з эканомікай. Найбольш важнымі для Мінска, на думку журналіста, з'яўляюцца адносіны з Еўрасаюзам, а не са Злучанымі Штатамі. Дыялог з Вашынгтонам, як мяркуе Пачобут, можа быць для амерыканцаў адным са спосабаў весці перамовы з Расіяй.
Асобна журналіст адзначыў ролю Саюза палякаў у Беларусі. Гэта адзіная незалежная ад уладаў арганізацыя, якая захавалася з 1988 года, і адзін з апошніх асяродкаў свабоды ў краіне. Паводле Пачобута, арганізацыя выстаяла дзякуючы людзям, якія, нягледзячы на пагрозу зняволення, адмовіліся з'язджаць. Ён лічыць, што магчымасць дыялогу з Польшчай — адна з прычын, чаму беларускія ўлады не знішчылі СПБ цалкам.
Пачобут таксама адзначыў, што пасля заканчэння вайны ва Украіне зацікаўленасць Мінска ў дамоўленасцях з Захадам можа істотна ўзрасці.
Анджэй Пачобут — журналіст і дзеяч польскай меншасці ў Беларусі. У красавіку ён выйшаў на волю пасля зняволення, падчас якога адбываў васьмігадовы тэрмін у калоніі. Праваабарончыя арганізацыі прызналі яго палітвязнем.
PAP/нг