У Мінску на аўкцыён выставілі Peugeot 307 2001 года выпуску. Стартавая цана — 5500 рублёў. Уладальніцай указана Пазняк Святлана Ігараўна. Гэта поўная цёзка палітвязня, якую ў сакавіку 2026 года асудзілі па справе аб «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці», пісаў праваабарончы цэнтр «Вясна».
Другі аўтамабіль — Volkswagen Passat 2008 года. На яго накладзены арышт следчымі органамі і судовым выканаўцам. Аўтамабіль прадаюць у Маладзечне, а стартавы кошт — 11 800 рублёў.
Яго ўладальнік — Карнееў Аляксандр Вадзімавіч. Гэта таксама поўны цёзка палітвязня з гэтага ж горада. Па інфармацыі праваабаронцаў, увосень 2024 года, калі ён быў у Польшчы, яго асудзілі завочна па арт. 364 КК (Гвалт або пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў) на тры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пазней ён па невядомай прычыне апынуўся ў Беларусі, і яго паўторна асудзілі ўжо за супрацу з арганізацыяй «Дапамога» па чч. 1 і 2 ст. 361-4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і прызначылі пяць гадоў і шэсць месяцаў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Люстэрка/ав