Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Лісты ад Дзяніса Івашына даходзяць радзей

09.10.2026 13:00
Ад журналіста Івашына з новага месца зняволення лісты даходзяць радзей, непакоіцца  жонка. 
Ілюстрацыйнае фотаpatrick489/pixabay.com/CC0 Public Domain

Жонка палітвязня Дзяніса Івашына Вольга паведаміла, што ад яго з новага месца ўтрымання радзей сталі даходзіць лісты і паштоўкі. Журналіста з чэрвеня трымаюць у калоніі № 15 пад Магілёвам, а да таго 3 гады ўтрымлівалі ў жодзінскай турме № 8, вядомай жорсткім рэжымам, нагадвае «Свабода».

— Лістоў даўно няма, і ідуць яны доўга. Папярэднія паштоўкі з лістамі больш чым 2 тыдні таму напісаныя. Падчас тэлефанаванняў, якія адбываюцца нават часцей за атрыманне новай карэспандэнцыі ад Дзяніса, ён кажа, што ўсё ў парадку, ніякіх навінаў ці зменаў з ім не адбываецца, — расказала Вольга Івашына.

З атрыманых лістоў яна вызначыла той за 20 верасня, дзе Дзяніс паразважаў пра падзеі ў свеце. Таксама ў гэтым лісце выявіўся ягоны настрой і жыццёвы аптымізм, які дапамагае вытрымаць цяжкасці няволі, мяркуе Вольга.

Паводле Вольгі Івашынай яе муж і яна не пераймаюцца спадзяваннямі на датэрміновае вызваленне ў выніку перамоваў беларускага рэжыму з адміністрацыяй ЗША, але настройваюцца на тое, каб быць гатовымі да ўсяго.

— У нас з ім стратэгія «не гадаваць душу пустымі спадзевамі». Ведаем, што за Дзяніса просяць з розных бакоў. Кожны неабыякавы да нашай сям’і чалавек робіць тое, што лічыць патрэбным і магчымым дзеля ягонага вызвалення. Але бярэдзіць сабе душу тым, калі ж Дзяніс нарэшце выйдзе на волю, а ці патрапіць ён у ліст на чарговы этап вызвалення пасля чарговага прыезду Джона Коўла ў Мінск ці яшчэ чаго, мы дакладна не жадаем. Проста чакаем на гэты момант і стараемся не думаць пра «а раптам». Няхай так станецца, тады й будзем неяк рэагаваць, — патлумачыла агульную пазіцыю Вольга Івашына.

Журналіста Дзяніса Івашына арыштавалі ў сакавіку 2021 года і ў верасні 2022 года асудзілі на 13 гадоў і 1 месяц зняволення за нібыта «здраду дзяржаве» (артыкул 356 Крымінальнага кодэксу) і «незаконны збор і распаўсюд звестак аб прыватным жыцці» (артыкул 179 КК).

На волю, калі не адбудзецца датэрміновага вызвалення, Івашыну выходзіць у 2033 годзе, калі яму будзе 54 гады.

аз