Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Аб’яднанне беларусаў у Літве «Klub Apora» і тры наборы стыкераў прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі»

09.10.2026 14:01
«Klub Apora» — добраахвотніцкае аб’яднанне беларусаў у Літве, якoе займаецца падтрымкай беларускіх добраахвотнікаў.
Klub Apora
«Klub Apora»t.me/Klub_Apora

Міністэрства інфармацыі Беларусі абнавіла Рэспубліканскі спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў». У яго ўнеслі тры Telegram-каналы, акаўнт у Threads і тры наборы стыкераў, сярод якіх — стыкеры з нацысцкай сімволікай, паведамляе «Вясна».

Паводле абноўленага спісу, «экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызналі:

— Telegram-каналы «РОЗОЧКА НОВОСТИ», «roskvitKUS росквітKUS» і «Klub Apora»;
— акаўнт у Threads «Анатолий Самович» (@tolyn_tolyanich);
— стыкерпакі ў Telegram Sanek & Adolf, The third reich by і Grogermanischesreich Reich.

«Klub Apora» — добраахвотніцкае аб’яднанне беларусаў у Літве. Суполка займаецца падтрымкай беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць ва Украіне, а таксама ладзіць мерапрыемствы для беларускай дыяспары.

Сярод яе праектаў — «Курс маладога байца» ў Вільні. На занятках удзельнікаў знаёмяць з асновамі вайсковай падрыхтоўкі, першай дапамогай пры раненнях і ўзаемадзеяннем у падраздзяленні. Заняткі, паводле арганізатараў, праводзяць ветэраны беларускіх падраздзяленняў, якія ваявалі ў складзе Узброеных сіл Украіны.

Раней суполка называлася «Klub Apora», а пасля абвясціла пра змену назвы на APORA / Atrama.

Telegram-канал «roskvitKUS / росквітKUS» звязаны з ініцыятывай «Росквіт», якая дапамагае беларускім ветэранам, іх жонкам, дзецям і маці. У апублікаваных паведамленнях праект збірае сродкі на псіхалагічную падтрымку ветэранаў і іх сем’яў, а таксама на дапамогу блізкім загінулых добраахвотнікаў.

аз