Святлана Ціханоўская прызначыла Вераніку Станкевіч на пасаду прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі. Рашэнне прынята на падставе рэкамендацыі Каардынацыйнай Рады, у адпаведнасці з працэдурай, паведамляе прэс-служба дэмакратычнай лідаркі Беларусі.
— Я шчыра віншую Вераніку Станкевіч з прызначэннем. Яе досвед працы з былымі палітвязнямі і разуменне патрэбаў людзей, якія прайшлі праз рэпрэсіі, вельмі важныя для гэтай пасады. Сацыяльная палітыка — гэта найперш пра людзей, пра падтрымку тых, хто апынуўся ў складанай сітуацыі і мае патрэбу ў дапамозе, — адзначыла кіраўніца АПК.
Яна ўпэўненая, што досвед Веранікі Станкевіч дапаможа ўзмацніць працу Кабінета.
Нагадаем, напярэдадні ў Каардынацыйнай Радзе прайшлі слуханні трох кандыдатак на гэтую пасаду. Кандыдатуру Веранікі Станкевіч вылучыла фракцыя «Кааліцыя Латушкі і Руху «За Свабоду»».
Вераніка Станкевіч — каардынатарка ініцыятывы «Вольныя», якая дапамагае былым палітычным зняволеным адаптавацца да жыцця на волі і атрымаць неабходную сацыяльную, юрыдычную і іншую падтрымку.
Раней абавязкі прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Кабінета выконвала Юлія Міцкевіч, якая заняла гэтую пасаду пасля прызначэння Вольгі Зазулінскай кіраўніцай Місіі дэмакратычных сіл Беларусі ў Кіеве.
аз