Каардынацыйная Рада паведаміла аб прыняцці рэзалюцыі «Аб безумоўнай і неадкладнай адмене смяротнага пакарання ў Беларусі».
У дакуменце адзначаецца, што права на жыццё і недатыкальнасць чалавечай годнасці вызначаюць межы любой дзяржаўнай улады. Смяротнае пакаранне парушае гэтыя прынцыпы, робіць судовую памылку фатальнай і незваротнай ды ператварае правасуддзе ва ўзаконенае пазбаўленне жыцця ад імя дзяржавы.
Асобна ў рэзалюцыі падкрэсліваецца небяспека зменаў 2022 і 2023 гадоў, якімі рэжым Лукашэнкі пашырыў сферу прымянення смяротнага пакарання на так званыя «замах на тэрарызм» і «дзяржаўную здраду». Ва ўмовах татальнага палітычна матываванага пераследу і поўнага знішчэння незалежнага суду гэтыя нормы могуць быць выкарыстаныя супраць палітычных апанентаў рэжыму.
Рэзалюцыя надзяляе дэлегацыю Каардынацыйнай Рады мандатам адстойваць поўную і безумоўную адмену смяротнага пакарання падчас патэнцыйнага Круглага стала паміж дэмакратычнымі сіламі і прадстаўнікамі рэжыму.
Паводле Каардынацыйнай Рады, адмена смяротнага пакарання — гэта не толькі пытанне правоў чалавека, але і неабходная ўмова вяртання Беларусі ў еўрапейскую прававую прастору. Яна адкрые шлях да будучага далучэння Беларусі да Рады Еўропы і міжнародных механізмаў абароны правоў чалавека.
Рэзалюцыя прынятая Агульным пасяджэннем Каардынацыйнай Рады 4-га склікання 8 кастрычніка 2026 года. За яе прагаласавалі 52 дэлегаты, супраць — 1.
Аўтар праекту рэзалюцыі — Мікіта Семяненка, фракцыя «Кааліцыя Латушка і Руху «За Свабоду»». Канчатковая рэдакцыя ўлічвае прапановы іншых дэлегатаў і дэлегатак Каардынацыйнай Рады.
аз