У Варшаве паказалі дакументальны фільм «Бяляцкі/Нязломны» (Bialiatski/ Unbroken) – пра лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру 2022 года, кіраўніка «Вясны», праваабаронцу Алеся Бяляцкага. Ён адказаў на пытанні гледачоў і паабяцаў праз год выдаць новую кнігу, паведамляе «Радыё Свабода».
Дакументальны фільм «Бяляцкі/Нязломны» зняла ў Літве кампанія «Ketvirtaversija». Рэжысёр – Эймантас Бяліцкас, аўтары сцэнарыя – Аляксандра Глаголева і Юрый Буцько, музыку да стужкі напісаў вядомы літоўскі кампазітар і музыка Андрус Мамантавас.
Праца над фільмам пачалася, калі Алесь Бяляцкі быў у зняволенні. А пад канец вытворчасці фільма, 13 снежня 2025 года, Алеся Бяляцкага нечакана выпусцілі з турмы і вывезлі ў Літву. Сам праваабаронца не ведаў пра стварэнне стужкі, пакуль быў за кратамі. Але калі паглядзеў, быў вельмі ўзрушаны і ўдзячны камандзе, назваўшы фільм «нечаканым, прыемным сюрпрызам».
На паказе ў Варшаве, акрамя самога Бяляцкага, былі яго калегі – праваабаронцы з Азербайджана і Кыргызстана Джавід Агаеў і Талекан Ісмаілава. Дыстанцыйна ў дыскусіі ўдзельнічала спецыяльная дакладчыца ААН па сітуацыі з правамі чалавека Андрэа Баланьяс Варгас.
Пасля паказу ў Бяляцкага запыталіся, як ён ацэньвае сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі праз 6 гадоў пасля 2020-га.
— Усе ацэнкі негатыўныя. І пастаянны аналіз спецыяльнага дакладчыка ААН, іншых міжнародных арганізацый, іх справаздачы сведчаць, што ацэнка не змянілася, яна негатыўная. Таму і былі ўведзеныя палітычныя і эканамічныя санкцыі. Так, палітзняволеных вызваляюць. Але ці з'яўляецца гэта сурʼёзнай зменай і паляпшэннем сітуацыі з правамі чалавека? Адназначна – не! Бо вызваліўшы нас, пасадзілі іншых. І тое, што зараз у турмах Беларусі знаходзяцца каля 1000 палітзняволеных, – сведчанне таго. Зʼявілася пэўная стомленасць, некаторыя палітыкі загаварылі, што, можа быць, варта пачаць размаўляць з рэжымам… Але такія «выпускі» палітзняволеных не павінны нас падманваць. Мы ўсё ж павінны дамагацца кардынальных змен у сітуацыі з правамі чалавека ў самой краіне, – перакананы Бяляцкі.
вс