Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

МЗС абвінаваціў НАТА ў падрыхтоўцы ўдараў па тэрыторыі Беларусі

14.10.2026 16:35
Заяўляецца, што «пад прыкрыццём абаронных фармулёвак блок фактычна рыхтуе глебу для ваеннай эскалацыі і агрэсіі».
Міністэрства замежных спраў Беларусіpozirk.online

Мінск «рашуча асуджае» заявы галоўнакамандуючага Аб’яднанымі ўзброенымі сіламі НАТА ў Еўропе Алексуса Грынкевіча, які прадставіў канцэпцыю, што прадугледжвае ўдары па беларускай тэрыторыі, заявіла 14 кастрычніка Міністэрства замежных спраў Беларусі.

У заяве, апублікаванай прэс-службай знешнепалітычнага ведамства, сцвярджаецца, што «так званая «Тэорыя перамогі» прадугледжвае «нанясенне прэвентыўных удараў па тэрыторыі Беларусі з ужываннем дронаў і наземных рабатызаваных сістэм».

— Агрэсіўная рыторыка Паўночнаатлантычнага альянсу набывае ўсё больш сістэмны характар. Без якіх-небудзь пагроз з боку Беларусі, без рэальных перадумоў да канфлікту НАТА будуе планы нарошчвання вайсковай прысутнасці ля межаў і нанясення ўдараў па тэрыторыі суверэннай дзяржавы, — цытуе словы беларускага МЗС старонка «Позірк».

Заяўляецца, што «пад прыкрыццём абаронных фармулёвак блок фактычна рыхтуе глебу для ваеннай эскалацыі і агрэсіі».

— Беларусь ніколі і нікому не пагражала. Наша ваенная дактрына носіць выключна абарончы характар. Мы паслядоўна выступаем за адкрытасць, дээскалацыю і раўнапраўны дыялог», — падкрэслівае ведамства.

МЗС заклікаў «заходніх калегаў» праявіць «здаровы розум і прыступіць да сумеснай працы над аднаўленнем узаемнага даверу».

Нагадаем, Грынкевіч выступаў на Варшаўскім форуме бяспекі 12 кастрычніка. У яго выступленні згадкі пра прэвентыўныя ўдары па Беларусі не было, аднак, як пазней паведамілі многія СМІ, яна змяшчаецца ў згаданай беларускім знешнепалітычным ведамствам «Тэорыі перамогі», якую Грынкевіч прадставіў удзельнікам форуму.
Пры гэтым магчымыя ўдары па расійскіх вайсковых аб’ектах на тэрыторыі Беларусі, а таксама Калінінградскай вобласці Расіі ў НАТА разглядаюць толькі як магчымую меру ў адказ у выпадку агрэсіўных дзеянняў з боку РФ.

24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі прадаставіў арміі РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а затым на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лечаць параненых расійскіх вайскоўцаў.

Паводле звестак журналістаў-расследавальнікаў, многія беларускія прадпрыемствы цяпер актыўна займаюцца вытворчасцю прадукцыі для расійскага ВПК.

аз