Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Юлія Міцкевіч: Дэмакратычная Беларусь немагчымая без роўных правоў і бяспекі для кожнай жанчыны

16.10.2026 13:12
Дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях інклюзіўнасці і раўнапраўя Юлія Міцкевіч пракаментавала даклад ААН аб парушэннях правоў жанчын у Беларусі.
Дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях інклюзіўнасці і раўнапраўя Юлія Міцкевіч@tsikhanouskaya

 Спецдакладчык ААН па Беларусі Нілс Муйжніекс падрыхтаваў даклад аб парушэннях правоў жанчын у Беларусі. У дакладзе адзначаецца, што дыскрымінацыя жанчын у Беларусі носіць сістэмны і структурны характар, а выкарыстанне заканадаўства ў рэпрэсіўных мэтах становіцца інструментам палітычнага пераследу і парушэння асноўных правоў.

Дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях інклюзіўнасці і раўнапраўя Юлія Міцкевіч пракаментавала даклад, зазначыўшы, што з пачатку 2020 года рэпрэсіі супраць жанчын у Беларусі набылі характар татальнага палітычнага пераследу. 

Толькі ў 2025 годзе па крымінальных справах асудзілі не менш за 355 жанчын, а сярод амаль 7 тысяч чалавек у так званых «спісах экстрэмістаў» кожная чацвёртая — жанчына. Жанчын звальняюць за палітычную пазіцыю, пагражаюць забраць дзяцей, пераследуюць адвакатак і сваякоў, а вызваленыя палітвязніцы не атрымліваюць рэабілітацыі і вымушаныя пакідаць краіну, распавяла Юлія Міцкевіч. 

У калоніях палітвязніцы ўтрымліваюцца ў нечалавечых умовах: ім адмаўляюць у бялізне і сродках менструальнай гігіены, абмяжоўваюць доступ да душу, праводзяць зневажальныя агляды і вядуць відэаназіранне нават у прыбіральнях. Іх прымушаюць за мізэрныя грошы шыць форму для сілавікоў, адмаўляюць у медыцынскай дапамозе нават цяжка хворым, і вядомыя ўжо выпадкі смерці ў зняволенні, нагадала дарадца Святланы Ціханоўскай.

Офіс Святланы Ціханоўскай заявіў, што працягне дакументаваць парушэнні і будзе распрацоўваць падваліны для палітыкі інклюзіўнасці і роўнасці для Новай Беларусі. 

Крыніца: Светлана Тихановская/юл