Міжнародныя крыптабіржы Bitget і MEXC абвясцілі пра абмежаванне доступу для карыстальнікаў з Беларусі. Bitget уключыла краіну ў спіс забароненых юрысдыкцый і запатрабавала вывесці сродкі да 21 кастрычніка.
Як паведамляе «Радыё Свабода», пасля гэтай даты біржа пачынае прымусова закрываць адкрытыя гандлёвыя пазіцыі і абмяжоўваць доступ да ўліковых запісаў. Платформа MEXC таксама спыняе абслугоўванне кліентаў з Беларусі і Расіі.
Кампаніі тлумачаць абмежаванні неабходнасцю выконваць рэгулятарныя патрабаванні розных краін. Для беларусаў гэта азначае страту доступу да папулярных пляцовак куплі, продажу і абмену крыптавалют.
Такія сэрвісы выкарыстоўваюцца ў тым ліку для абмену беларускіх і расійскіх рублёў на іншыя валюты. Абмежаванні могуць ускладніць міжнародныя разлікі, уключаючы аплату тавараў, якія пастаўляюцца праз трэція краіны.
эж