Былы палітвязень і шматгадовы апазіцыйны лідар Мікола Статкевіч выступіў з папярэджаннем да беларусаў у звязку з тым, што расійская падтрымка Лукашэнкі можа прывесці краіну да катастрофы.
Палітык параўнаў цяперашнюю падтрымку для Лукашэнкі з мангольскай традыцыяй, калі прэтэндэнты на княскія пасады ў залежных ад іх землях павінны былі атрымаць дазвол на княжанне, адна з назваў якога — «ярлык». Каб атрымаць «ярлык», трэба было не толькі прапаўзці на жываце дзясяткі метраў у ханскую юрту, але і пагадзіцца на пэўныя саступкі і паслугі хану Арды. Матэрыяльныя ці палітычныя.
— Вядома, што найбольшы плён ад тых поўзанняў, саступак ды паслуг займелі маскоўскія князі. Таму гэтая традыцыя настолькі ўкаранілася ў Маскве, што спадкаемцы тых князёў ужо самі даюць сваім сатэлітам дазвол на кіраванне паводле таго ж прынцыпу – пасля самапрыніжэння і саступак, — напісаў палітык.
У найноўшай беларускай гісторыі Мікола Статкевіч бачыць працэдуру атрымання «ярлыка» перад кожнымі прэзідэнцкімі «выбарамі».
— Схема заўсёды аднолькавая. Напярэдадні «выбараў» Крэмль дэманструе пахаладанне ў стаўленні да галоўнага кандыдата і нават імкненне падтрымаць альтэрнатыву яму. Сярод тутэйшых «сілавікоў» пачынаюцца хістанні — яны выдатна разумеюць, на чым стаіць уся сістэма. Як казаў мне адзін з іх: «Пакуль з намі Масква, а ў яе ёсць нафта, мы можам спаць спакойна». А тут нібыта ўжо «не з намі». Пачынаюцца сумненні. Але напярэдадні «выбараў» галоўны кандыдат едзе ў Маскву. Не ведаю, як там наконт поўзання, бо ўсё адбываецца закрыта ад прэсы і публікі, але ўрэшце бакі падпісваюць дамову з чарговымі саступкамі і дэманструюць «саюзныя» адносіны. «Сілавікі» супакойваюцца і забяспечваюць звычайны вынік «выбараў»», — патлумачыў палітык.
З кожнымі новымі «выбарамі» саступкі суверэнітэту ўсё большыя, перакананы Мікола Статкевіч.
— Пасля 2020 года была саступленая наша тэрыторыя для нападу на Украіну. Цяпер Масква, паводле інфармацыі заходніх разведак, рыхтуецца да сілавых дзеянняў супраць суседніх краін NATO. Без выкарыстання нашай тэрыторыі такая справа наўрад ці абыдзецца. Калі ж Беларусь возьме ўдзел у агрэсіўных дзеяннях супраць NATO ці стане тылам для такіх дзеянняў, то ўдар сіл NATO па нашай тэрыторыі будзе непазбежным. Толькі вольная, бяз’ядзерная ды нейтральная Беларусь можа перадухіліць канфлікт у Еўропе, а значыць, і ва ўсім свеце, — нагадвае Мікола Статкевіч.