Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Супраць палітвязня Віктара Снегура ўзбудзілі ўжо пятую крымінальную справу

22.10.2026 13:20
Да першапачатковага пакарання — 19 гадоў зняволення — палітвязню дадалі яшчэ пяць з паловай года і гэта, здаецца, не канец.
Віктар Снегур sb.by/spring96.org

Палітзняволенага фігуранта «справы Аўтуховіча» Віктара Снегура ўтрымліваюць у зняволенні больш за пяць гадоў і дзевяць месяцаў. У кастрычніку 2022 года суд прызначыў палітвязню 19 гадоў зняволення і велізарны штраф. Але з таго часу яго ўжо тройчы асудзілі паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Агулам да 19 гадоў зняволення яму дадалі яшчэ пяць з паловай гадоў няволі.

Цяпер стала вядома, што супраць мужчыны ўзбудзілі ўжо чацвёртую крымінальную справу паводле гэтага артыкула, паведамляе «Вясна».

Вядома, што ў Віктара пагоршылася здароўе, а сам ён ужо некалькі месяцаў утрымліваецца ў рэжыме інкамунікада.

Віктар — фігурант «справы Аўтуховіча». Яго абвінавацілі па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу і асудзілі да 19 гадоў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму і 800 базавых велічыняў штрафу (25 600 рублёў).

Першую справу паводле ч. 2 арт. 411 КК супраць Віктара ўзбудзілі ў кастрычніку 2024 года. На той момант ён адбываў тэрмін у ПК-14 у Навасадах. Тады яму прызначылі паўтара года зняволення.

Узбуджэнне наступнай крымінальнай справы ініцыявала адміністрацыя горацкай калоніі № 9. У красавіку 2025 года палітвязню дадалі яшчэ два гады зняволення.

Пасля апеляцыі па гэтай справы мужчыну накіравалі ў мазырскую калонію № 20. Калі дакладна адбыўся трэці суд па ч. 2 арт. 411 КК — невядома. Верагодна, суд прайшоў у лістападзе 2025 года, калі мужчыну перавялі ў магілёўскую турму № 4. Па інфармацыі «Вясны», на снежань 2025 года Віктар знаходзіўся ў ПК-20.

Цяпер стала вядома, што супраць палітвязня ўзбудзілі чацвёртую справу за «злоснае непадпарадкаванне». Ці адбыўся ўжо суд — невядома. Сваякі мужчыны нават не ведаюць яго дакладнага месцазнаходжання. Бо ён некалькі месяцаў знаходзіцца ў рэжыме інкамунікада — без сувязі са знешнім светам. Такім чынам, па стане на 21 кастрычніка 2026 года, агульны тэрмін мужчыны складае 24 гады і шэсць месяцаў. Нягледзячы на адбыты тэрмін, яму засталося сядзець амаль столькі, колькі прызначылі паводле першага прысуду.

Цягам гэтых амаль шасці гадоў Віктара рэгулярна змяшчаюць у ШІЗА і ПКТ.З-за жудасных ўмоў утрымання і пастаянныя абмежаванні фізічны стан палітвязня значна пагоршыўся — ён згубіў шмат цяглічнай масы, пачаліся праблемы са спінай, нагамі і скурай.

аз