Стваральніца праваабарончага падкаста «Вясна прыйдзе» Кацярына Абромчык стала залатой пераможцай Мемарыяльнай прэміі імя Рыкарда Артэгі (The Ricardo Ortega Memorial Prize) у межах UNCA Awards 2026. Узнагароду прысудзілі за выпуск падкаста пра тое, як Беларусь справаздачылася перад Камітэтам ААН па правах людзей з інваліднасцю. У выпуску запрошанай эксперткай выступіла юрыстка «Вясны» Святлана Галаўнёва.
Прэмія імя Рыкарда Артэгі прысуджаецца за матэрыялы на тэлебачанні і радыё, прысвечаныя дзейнасці ААН і яе ўстаноў. У 2026 годзе ўзнагароды ўручаюць у 30-ы раз. Урачыстая цырымонія адбудзецца 3 снежня ў Нью-Ёрку. Ганаровым госцем вечара стане Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш.
— Я вельмі рада, што тэма правоў чалавека ў Беларусі прагучыць у Нью-Ёрку і на міжнароднай арэне. Я ўпэўнена, што міжнародныя механізмы абароны правоў чалавека застаюцца надзвычай важнымі ў дачыненні да Беларусі, — заявіла Абромчык.
У 2025 годзе Кацярына Абромчык стала лаўрэаткай Прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі ў намінацыі «Журналістка года». Узнагарода адзначыла яе працу ў асвятленні пытанняў правоў чалавека і фундаментальных свабод у Беларусі.
аз