Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

За падтрымку Украіны ў Беларусі асудзілі не менш за 419 чалавек

23.10.2026 08:12
Сярод іх — 73 жанчыны. 142 чалавекі цяпер застаюцца за кратамі.
Ілюстрацыяфота: ilikeyellow/shutterstock

Паводле звестак праваабарончага цэнтру «Вясна», з лютага 2022 года ў Беларусі не менш за 419 чалавек асудзілі за падтрымку Украіны. Сярод іх — 73 жанчыны. 142 чалавекі цяпер застаюцца за кратамі. Праваабаронцы адзначаюць, што рэальныя маштабы пераследу могуць быць значна большымі.

Больш за 200 чалавек атрымалі прысуды за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці — пераважна за перадачу фота і відэа перамяшчэння расійскай вайсковай тэхнікі. Яшчэ 44 чалавекі асудзілі за дзяржаўную здраду, 29 — паводле абвінавачанняў у тэрарызме, у тым ліку за дыверсіі на чыгунцы. За грашовыя ахвяраванні асудзілі 45 чалавек.

Адной з найбольш масавых спраў, звязаных з вайной, стала так званая «справа Беларускага Гаюна». Пасля ўзлому бота маніторынгавага праекта ў лютым 2025 года па ўсёй краіне пачаліся затрыманні. Паводле «Вясны», на 22 кастрычніка 2026 года вядомы 141 фігурант гэтай справы, 41 з іх знаходзіцца за кратамі.

Таксама ў Беларусі асудзілі 42 чалавекі за ўдзел у баявых дзеяннях на баку Украіны, у тым ліку ў Палку Каліноўскага, або падрыхтоўку да іх. На дадзены момант у беларускіх месцах няволі ўтрымліваюцца былыя ваяры Васіль Верамейчык, Максім Ралько і Андрэй Сяргееў.

У дачыненні да сваякоў беларускіх добраахвотнікаў і актывістаў, якія знаходзяцца за мяжой, працягваецца  завочны пераслед.

яс