Група прыхільнікаў перамоў з афіцыйным Мінскам неўзабаве можа выступіць з адкрытым лістом да Еўрасаюза. Яны прапануюць далучыцца да амерыканскага «гуманітарнага трэку», звязанага з вызваленнем беларускіх палітвязняў.
Пра гэта паведаміў прадстаўнік BELPOL, былы супрацоўнік сілавых структур Беларусі Уладзімір Жыгар. На яго думку, сапраўдная мэта ініцыятывы — дамагчыся паслаблення еўрапейскіх санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі.
ЗША ўжо вядуць перамовы з Мінскам аб вызваленні палітвязняў. Адным з элементаў гэтага працэсу стала абмеркаванне санкцыйных паслабленняў у абмен на вызваленне людзей.
Жыгар лічыць небяспечным перанос такой схемы на адносіны Беларусі з Еўрасаюзам. Ён ставіць пытанне, хто гарантуе спыненне рэпрэсій пасля зняцця абмежаванняў і як санкцыі будуць адноўленыя ў выпадку новых арыштаў.
Асобна прадстаўнік BELPOL нагадвае пра падтрымку Мінскам расійскай ваеннай машыны і праблемы беларусаў, вымушаных пакінуць краіну.
Пакуль адкрыты ліст не апублікаваны, а яго магчымыя падпісанты невядомыя.
эж