Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Група былых палітвязняў Беларусі заклікала Еўрасаюз больш актыўна ўплываць на працэс вызвалення зняволеных

26.10.2026 13:51
Аўтары звароту зазначаюць, што ён з'яўляецца «адкрытым, да яго могуць далучыцца ўсе былыя палітвязні».
 .
Ілюстрацыйнае фота. Shutterstock/Fanni_2021

Больш за 70 былых палітвязняў падпісалі адкрыты ліст да лідараў краін Еўрасаюза, Вялікабрытаніі, Швейцарыі і Нарвегіі з заклікам заняць больш актыўную пазіцыю ў справе вызвалення зняволеных і спынення рэпрэсій у Беларусі. Пра гэта паведамляе Радыё «Свабода».

Пад зваротам падпісаліся генеральная дырэктар TUT.BY Людміла Чэкіна, галоўны рэдактар TUT.BY Марына Золатава, праваабаронцы Марфа Рабкова і Наста Лойка, палітычныя актывісты Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка, медыяменеджар Андрэй Аляксандраў, Ірына Злобіна, грамадская актывістка Алана Гебрэмарыям, журналісты Ігар Карней, Вольга Лойка, Ірына Слаўнікава і іншыя.

— Беларусь — адзін з сусветных лідараў па колькасці палітвязняў. Паводле звестак праваабаронцаў, у Беларусі іх каля 900, пры гэтым рэальная колькасць можа быць значна большай. Кожны дзень за кратамі адбірае ў іх здароўе, а ў іх блізкіх — надзею. За сухімі лічбамі — рэальныя чалавечыя жыцці, драмы і трагедыі. Прынамсі дзевяць чалавек ужо памерлі ў беларускай турме, — адзначаецца ў лісце.

Асаблівую ўвагу колішнія палітзняволеныя звярнулі на тых, у каго пагоршылася здароўе, — Вацлава Арэшку, Вольгу Маёраву, Аксану Шаляпіну, Тацяну Колас, Сяргея Кабарчука, Ірыну Мельхер і іншых.

— Мы заклікаем Еўрапейскі Саюз стаць актыўным удзельнікам працэсу вызвалення палітвязняў і спынення рэпрэсій у Беларусі. Мы просім выкарыстоўваць для гэтага ўсе даступныя сродкі: дыпламатычныя каналы, перамоўныя фарматы, ціск і стымулы, публічную і закрытую працу. Няхай гэтыя намаганні будуць паслядоўнымі і скаардынаванымі, а вызваленне людзей стане пастаянным пунктам парадку дня ў любым кантакце з Мінскам і ў любых размовах пра будучыню адносін з Беларуссю, — сказана ў лісце ўжо вызваленых зняволеных паводле палітычных матываў.

Паводле аўтараў звароту, дыялог «пра людзей і каштоўнасці павінен весціся разам з беларускім грамадствам».

— Мы заклікаем ЕС слухаць розныя галасы беларусаў, у тым ліку тых, хто прайшоў праз турму, і ўлічваць іх досвед пры выпрацоўцы рашэнняў. Мы не бяром на сябе ролю суддзяў у пытаннях вялікай палітыкі і паважаем розныя меркаванні сярод беларусаў пра тое, як лепш дамагчыся перамен. Але ў адным мы адзіныя: за кожным рашэннем стаяць жывыя людзі. Мы просім вас памятаць пра гэта, калі вы прымаеце рашэнні пра будучыню адносін з Беларуссю, і зрабіць вызваленне людзей і спыненне рэпрэсій прыярытэтам еўрапейскай палітыкі, — гаворыцца ў звароце.

Аўтары звароту зазначаюць, што ён з'яўляецца «адкрытым, да яго могуць далучыцца ўсе былыя палітвязні».

вс