Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Ад 17 да 25 гадоў калоніі. Па «справе BYPOL» асудзілі траіх беларусаў

27.10.2026 14:02
Агулам іх асудзілі паводле дзевяці цяжкіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса.
СудInactive_account_ID_249/pixabay.com/CC0 Public Domain

Мінскі абласны суд 26 кастрычніка 2026 года вынес прысуд тром беларусам: палітзняволеным Генрыху Агееву, Юрыю Васілеўскаму, а таксама Івану Балашэнку.

Па інфармацыі «Вясны», Юрыю прызначылі 17 гадоў зняволення, Генрыху — 21 год зняволення, Івану — 25 гадоў зняволення. Агулам іх асудзілі паводле дзевяці цяжкіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за «ўдзел у тэрарыстычнай арганізацыі» і «здраду дзяржаве».

Паводле інфармацыі ад сукамернікаў Генрыха і Юрыя, вядома, што крымінальны пераслед мужчынаў звязаны з ініцыятывай BYPOL, якую Вярхоўны суд у 2022 годзе абвясціў «тэрарыстычнай арганізацыяй».

BYPOL (Аб’яднанне сілавікоў Беларусі) — гэта ініцыятыва, створаная 20 кастрычніка 2020 года былымі супрацоўнікамі праваахоўных органаў Беларусі, якія сышлі са сваіх пасад на знак пратэсту супраць гвалту і фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.

Мэта аб’яднання — збор доказаў злачынстваў рэжыму Лукашэнкі і парушэнняў правоў чалавека, распрацоўка рэформаў для сілавога блоку новай Беларусі, стварэнне незалежнага прафсаюза сілавікоў.

Ініцыятыва стала вядомай дзякуючы публікацыям унутраных аўдыё- і відэазапісаў сілавікоў (у тым ліку выкрыццём фактаў катаванняў і сакрэтных загадаў кіраўніцтва МУС), а таксама арганізацыяй плана мабілізацыі «Перамога».

Уладамі Беларусі арганізацыя прызнана «экстрэмісцкім фармаваннем» і «тэрарыстычнай арганізацыяй».

аз