Нямецкая брыгада, якую размесцяць у Літве ў пачатку 2027 года, будзе выкарыстоўваць сродкі радыёэлектроннай барацьбы для ранняга папярэджання аб вайсковай актыўнасці на тэрыторыі Калінінградскай вобласці Расіі і ў Беларусі, паведаміла «Свабода» са спасылкай на агенцтва «Reuters».
Верагодна, нямецкія вайскоўцы таксама будуць збіраць звесткі аб расійскіх і беларускіх выпраменьвальніках і радыёлакацыйных сістэмах для абнаўлення баз дадзеных радыёэлектроннай барацьбы, якія выкарыстоўваюць нямецкія і хаўрусніцкія войскі.
— Калі нешта здарыцца, гэтыя падраздзяленні ўсё выявяць, — сказаў агенцтву віцэ-адмірал нямецкага войска Томас Даўм.
Паводле яго, расійская дзейнасць у некаторых частках Еўропы дасягнула таго, што ён назваў «другой фазай, у якой намер палягае ў тым, каб нанесці шкоду». У той жа час гэтыя дзеянні пакуль не дасягнулі ўзроўню ўзброенага канфлікту.
— Мы ўнясем у базы даных радыёэлектроннай барацьбы, якія потым паведамяць усім нашым сістэмам, калі на беларускім баку з’явіцца новы радар, — дадаў Даўм.
Віцэ-адмірал адзначыў, што кіберінфармацыйная сфера яшчэ не знаходзіцца ў стане вайны, але гэта ўжо не мір.
Томас Даўм паведаміў, што папярэдні этап быў сканцэнтраваны на прыхаваным пранікненні ў заходнія сістэмы шляхам кібэратак і ўсталяванні плацдармаў унутры сістэм.
У Літве цяпер разгортваецца нямецкая брыгада з 5 тысячамі вайскоўцаў і цывільных супрацоўнікаў і 2 тысячамі адзінак тэхнікі. На ейныя магчымасці і дапамогу НАТА Літва разлічвае ў выпадку вайсковай агрэсіі з усходу.
аз