Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

КДБ запусціў новы бот у тэлеграме для вярбоўкі беларусаў за мяжой

31.10.2026 09:49
Прапануюць расклейваць улёткі, фатаграфаваць аб'екты і «нешта іншае».
Аўдыё

Спецслужбы рассылаюць прапановы аб падпрацоўцы праз тэлеграм-бот і абяцаюць заробак да 1400 еўра. Спачатку просяць расклеіць правакацыйныя ўлёткі, у якіх палякам у выпадку акупацыі раяць «не фатаграфаваць вайсковую тэхніку і не перашкаджаць яе руху».

Прапановы з «простай падпрацоўкай» пачалі масава зʼяўляцца ў чатах беларускай дыяспары ў Польшчы і Літве (напрыклад, у суполцы «Беларусы Вільні»), а таксама прыходзіць у асабістыя паведамленні тым, хто пакідаў каментары ў чатах.

У абʼявах шукаюць людзей са смартфонам, якім прапануюць рабіць фота патрэбных абʼектаў. Аўтары асобна падкрэсліваюць, што праца «не звязаная з наркотыкамі ці закладкамі», і накіроўваюць за падрабязнасцямі ў бот.


Адна з такіх аб'яў Адна з такіх аб'яў

Як вынікае з перапісак з аператарамі бота, якія трапілі ў распараджэнне «Нашай Нівы», насамрэч адразу фатаграфаваць абʼекты не просяць. Для праверкі на «адэкватнасць» выканаўцам у Варшаве, Познані ды іншых гарадах спачатку ставяць задачу раздрукаваць і расклеіць на скотч у людных месцах ад 10 да 100 улётак.

За адну паперку абяцаюць адзін еўра, грошы прапануюць перавесці на картку альбо праз сэрвіс Wise адразу пасля фотасправаздачы. Самі вярбоўшчыкі называюць гэта «сацыяльнай рэкламай» або «вывучэннем сацыяльных паводзін», а мінакам на вуліцы раяць казаць, што адбываюцца здымкі фільма ці сацыяльны эксперымент.

Насамрэч улёткі маюць правакацыйны змест: яны аформленыя з выкарыстаннем польскага герба на фоне сілуэта Варшавы і маюць загаловак «Правілы бяспечных паводзін у выпадку акупацыі» (Zasady bezpiecznego zachowania w przypadku okupacji).

У пяці пунктах жыхарам Польшчы раяць «не правакаваць», «не здымаць вайсковай тэхнікі і месцаў яе дыслакацыі», «не блакаваць дарог і не затрымліваць вайсковых калон», а таксама зрабіць запасы вады і ежы і заставацца дома.

Толькі пасля выканання гэтага тэставага задання куратары абяцаюць перайсці да больш сурʼёзных даручэнняў — фотаздымкі абʼектаў і «іншай працы», за якую прапануюць ад 150 да 1400 еўра.
Такім чынам спецслужбы могуць не толькі ладзіць інфармацыйныя правакацыі ў краінах ЕС, але і збіраць асабістыя ды плацежныя даныя беларусаў за мяжой, каб пасля шантажаваць іх і прымушаць да шпіянажу ці дыверсій, канстатуе «Наша Ніва».

НН/ав