Гаворачы аб адносінах са Злучанымі Штатамі пасля зняцця санкцый, чыноўнік зазначыў, што «ўжо сёння можна гаварыць аб новых набыццях» для «Белавія» — аднак не ўдакладніў, пра што менавіта размова. Акрамя таго, сказаў Голуб, «з'явіліся зрухі ў тэхнічным абслугоўванні гэтых самалётаў».
Асобна ён адзначыў авіязносіны з ЗША, якія стаяць «у плане і перспектыве». Раней прамыя рэйсы з Беларусі ў Амерыку не ляталі.
— Пытанне ідзе толькі ў станоўчым ключы. Чакаецца яшчэ большае нарошчванне ўзаемадзеяння, зняцце асобных абмежаванняў, адкрыццё авіязносін са Злучанымі Штатамі Амерыкі, якое стаіць у нас у плане і перспектыве. Таму будзем толькі вітаць, калі гэта будзе значна хутчэй з боку нашых партнёраў, — сказаў Голуб.
Раней пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў заявіў, што для адкрыцця прамых рэйсаў з ЗША «неабходна вырашыць цэлы шэраг розных пытанняў».
— Казахскія авіялініі адкрываюць свой рэйс у ЗША. Працэс у іх працягваецца вось на сённяшні момант ужо восем гадоў. Таму што для таго, каб адкрыць прамы рэйс, неабходна вырашыць цэлы шэраг розных пытанняў, — адзначыў Рыбакоў. — Гэта і пытанні бяспекі, пытанні сертыфікацыі і самалётаў, і пілотаў, асабовага складу, аэрапорта і гэтак далей, і гэтак далей, і гэтак далей. Таму, ведаеце, ну, мы працуем, гэта таксама адно з тых пытанняў, якія мы ўвесь час абмяркоўваем, — заявіў Рыбакоў.
Нагадаем, ЗША афіцыйна знялі санкцыі з «Белавія» 4 лістапада 2025 года. Нацыянальны авіяперавозчык па-ранейшаму знаходзіцца пад санкцыямі ЕС.
Люстэрка/ав