Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Фільм «Лісты» беларускага дакументаліста Андрэя Куцілы атрымаў у Лейпцыгу «Залатога голуба»

01.11.2026 09:59
У цэнтры сюжэта – мазаіка з лёсаў пяці чалавек, сярод якіх і гісторыя загінулага ў калоніі Вітольда Ашурка, а таксама маладой мастачкі і студэнткі, чые турэмныя малюнкі і дзённікі ляглі ў аснову анімацыйных фрагментаў фільма.
  ( )     .
Андрэй Куціла (трэці злева) падчас атрымання ўзнагароды на ДокЛейпцыг. Фота: сацсеткі фільма «Лісты»

Стужка «Лісты» (Letters from the Silenced Country) беларускага рэжысёра Андрэя Куцілы здабыла «Залатога голуба» (Golden Dove) — галоўную ўзнагароду ў Міжнародным конкурсе поўнаметражных дакументальных фільмаў (International Competition Documentary Film) на прэстыжным фестывалі DOK Leipzig. Таксама фільм атрымаў адмысловую прэмію MDR Documentary Award, паведамляе Reform.news.

Міжнароднае журы вылучыла карціну пра беларускіх палітзняволеных з наступнай фармуліроўкай:

— Праз захапляльны паралельны вопыт мужчын і жанчын — адных, якія гавораць, другіх, якія малююць, і трэціх, якія змагаюцца, — фільм пераўтварае сведчанні ў супраціў. Ад кінематаграфіста, які адмаўляецца дазволіць краіне знікнуць з вачэй, паходзіць фільм, што з кінематаграфічнай рашучасцю і празрыстасцю пераносіць нас у месца, недасягальнае для астатніх.

У цэнтры сюжэта — мазаіка з лёсаў пяці чалавек, сярод якіх і гісторыя загінулага ў калоніі Вітольда Ашурка, а таксама маладой мастачкі і студэнткі, чые турэмныя малюнкі і дзённікі ляглі ў аснову анімацыйных фрагментаў фільма.

Кіно, над якім беларускі дакументаліст працаваў больш за пяць гадоў, створана ў міжнароднай кааперацыі: у яго вытворчасці ўдзельнічалі нямецкая кампанія Inselfilm Produktion, польскі фонд Doc Edu Foundation і літоўская кінакампанія Moonmakers.

Стужка «Лісты» таксама ўвайшла ў шорт-ліст Еўрапейскай кінапрэміі (European Film Awards 2027) – Еўрапейскага «Оскара» — і прэтэндуе на перамогу ў катэгорыі «Найлепшы дакументальны фільм». Сусветная прэм’ера фільма беларускага рэжысёра адбылася на 81-м Венецыянскім кінафестывалі ў верасні.

DOK Leipzig (Міжнародны фестываль дакументальнага і анімацыйнага кіно ў Лейпцыгу) — адзін з найстарэйшых у свеце і найбольш прэстыжных фестываляў дакументалістыкі, заснаваны яшчэ ў 1955 годзе. Фестываль з’яўляецца важнай сусветнай пляцоўкай для кінематаграфістаў, якія падымаюць вострыя сацыяльныя, палітычныя і чалавечыя тэмы.

Андрэй Куціла нарадзіўся ў Баранавічах, скончыў факультэт журналістыкі БДУ, а таксама вучыўся ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтва. Яго стужкі заваявалі вядомасць на еўрапейскай сцэне дзякуючы глыбокаму гуманізму і ўвазе да чалавечых лёсаў.

Сярод вядомых работ беларускага кінарэжысера — дакументальныя фільмы «Стрыптыз і вайна», «Summa» (які атрымаў узнагароду за найлепшы сярэднеметражны дакументальны фільм у Амстэрдаме), а таксама «Калі кветкі не маўчаць» (When Flowers Are Not Silent, 2021), прысвечаны беларускім рэвалюцыйным падзеям і пратэстам жанчын, які таксама паспяхова дэманстраваўся на міжнародных пляцоўках. Таксама ў рэжысёрскім даробку аўтара: «Днюка», «Госці», «Абдымкаў трэба мне тваіх», «Цар гары», «Святая вада» (2023) ды іншыя кінатворы.

вс