Палітычны прытулак у Швецыі атрымала беларуская сям'я, якой пагражала дэпартацыя, паведамілі Народныя амбасады Беларусі. Гэта стала магчымым дзякуючы працы шведскай юрысткі Сэсіліі Экман, якая ўжо шмат гадоў дапамагае беларусам абараняць свае правы.
У ліпені 2025 года сям’я, якая ўдзельнічала ў пратэстах супраць рэжыму Лукашэнкі ў 2020 годзе і апынулася пад пагрозай высылкі са Швецыі, звярнулася па дапамогу.
У студзені 2026 года юрыстка падала заяву аб наяўнасці перашкод для дэпартацыі, падмацаваную актуальнай інфармацыяй пра палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі. У лютым Міграцыйная служба Швецыі пагадзілася паўторна разгледзець справу.
У выніку Міграцыйная служба адмяніла сваё папярэдняе рашэнне аб адмове і прызнала членаў сям’і палітычнымі ўцекачамі, надаўшы ім дазвол на пражыванне ў Швецыі. Пра гэты вынік Сэсілія Экман паведаміла на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку», падкрэсліўшы важнасць рашэння не толькі для гэтай сям’і, але і для іншых беларусаў, якія шукаюць міжнароднай абароны.
Шведскія міграцыйныя органы не заўсёды належным чынам улічваюць маштаб і характар рэпрэсій у Беларусі пасля 2020 года. Адмовы ў прытулку нярэдка абгрунтоўваюцца тым, што чалавек не быў вядомым апазіцыйным дзеячам, змог легальна выехаць з Беларусі або раней не атрымаў суровага пакарання.
У маі 2026 года Сэсілія Экман была ўзнагароджаная медалём за плённую працу на карысць Беларусі ад Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі.
вс