Форум дэмакратычных сіл Беларусі, які ў 2021 годзе заснавалі Валеры Цапкала, Дзмітры Балкунец і Алег Котаў, заклікаў прэзідэнта ЗША Дональда Трампа прыглядзецца Літве, якая, паводле Форуму, па надуманых падставах, прызнае грамадзян Беларусі «пагрозай нацыянальнай бяспецы і фактычна перадае іх беларускім спецслужбам».
— З 2022 года больш як 3 600 грамадзян Беларусі былі прызнаны ў Літве пагрозай. Напрыклад, рашэнне Літвы пакінула без прытулку Васіля Верамейчыка — беларуса, які бараніў Украіну, і ў выніку апынуўся ў беларускай турме. У цяперашні час пагроза дэпартацыі навісла над праваабаронцам і кіраўніком арганізацыі «Наш дом» Вольгай Карач, бізнесменам Дзмітрыем Скіндэравым і іншымі, — чытаем у лісце.
Паводле яго аўтараў, адна з галоўных прычын, па якой гэтых людзей лічаць «пагрозай для Літвы« — іхныя публічныя сумневы на конт эфектыўнасці выдаткавання сродкаў, выдзеленых Злучанымі Штатамі і Еўрасаюзам на падтрымку дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі.
— Мы просім Вас умяшацца і даручыць дзяржаўнаму сакратару Марка Рубіё, спецыяльнаму пасланніку Джону Коўлу і віцэ-прэзідэнту Джэю Ды Вэнсу, які ўзначальвае Вашу рабочую групу па выкараненні махлярства, вывучыць гэтую сітуацыю, уключаючы лёс сродкаў ЗША, і не дапусціць, каб дзеянні Літвы прывялі да з'яўлення новых палітычных зняволеных у Беларусі. Мы таксама просім Вас заклікаць Літву — хаўрусніка па НАТА, спыніць практыку дэпартацыі людзей па палітычных матывах у Беларусь і Расію, дзе ім пагражаюць арышт і пагроза жыццю, — чытаем у звароце Форуму дэмакратычных сіл Беларусі да прэзідэнта ЗША.
аз