Пра намер прапанаваць запрашаць беларускага дэмакратычнага лідара Святлану Ціханоўскую і прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сіл на мерапрыемствы Цэнтральнаеўрапейскай ініцыятывы (ЦЕІ) у якасці спецыяльных гасцей заявіў кіраўнік МЗС Украіны Андрэй Сібіга, паведаміла прэс-служба ведамства.
5 лістапада Сібіга выступіў у Бухарэсце на цырымоніі перадачы старшынства ў арганізацыі ад Румыніі да Украіны, якая ўзначаліць яе ў 2027 годзе, інфармуе «Позірк».
— Я перакананы, што ў гэтай арганізацыі знойдзецца месца для свабоднай і дэмакратычнай Беларусі, — сказаў кіраўнік украінскага МЗС. Паводле яго слоў, удзел Ціханоўскай і прадстаўнікоў дэмсіл у мерапрыемствах ініцыятывы стаў бы «сімвалам надзеі і будучыні для беларускага народа».
Як адзначыў у каментары журналістам галоўны дарадчык Ціханоўскай Франак Вячорка, дэмлідар абмяркоўвала пытанне ўдзелу прадстаўнікоў дэмакратычнай Беларусі ў мерапрыемствах ЦЕІ падчас сустрэч з кіраўніцтвам Румыніі 4 лістапада.
Цэнтральнаеўрапейская ініцыятыва (ЦЕІ) — міжурадавы форум, створаны ў 1989 годзе для развіцця рэгіянальнага супрацоўніцтва і садзейнічання еўрапейскай інтэграцыі. У яго ўваходзяць 16 краін Цэнтральнай, Усходняй і Паўднёва-Усходняй Еўропы: Албанія, Балгарыя, Боснія і Герцагавіна, Венгрыя, Італія, Малдова, Паўночная Македонія, Польшча, Румынія, Сербія, Славакія, Славенія, Украіна, Харватыя, Чарнагорыя і Чэхія.
25 сакавіка 2022 года дзяржавы ЦЕІ прыпынілі права Беларусі ўдзельнічаць у працы форуму і яго праектах у сувязі з падтрымкай расійскай агрэсіі супраць Украіны.
вс