Адзін з найбуйнейшых нафтавых вузлоў Расіі — станцыя «Самара» — атрымаў сур'ёзныя пашкоджанні пасля ўкраінскіх атак беспілотнікамі. Праз гэты аб'ект праходзіць нафта, якая паступае ў тым ліку на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы.
Як паведамляе Радыё Свабода, спадарожнікавыя здымкі паказалі, што агонь цалкам знішчыў да дзесяці рэзервуараў. Пашкоджаная і дапаможная інфраструктура, над адным з аб'ектаў па-ранейшаму ўздымаецца дым.
Станцыя ў Самарскай вобласці — ключавы вузел транспартавання расійскай і часткова казахстанскай нафты. Далей яна паступае ў сістэму нафтаправода «Дружба», беларускі ўчастак якой абслугоўвае «Гомельтранснафта Дружба».
Пашкоджанні могуць скараціць пастаўкі на беларускія заводы і транзіт на Захад. Маштаб магчымых перабояў пакуль невядомы. Раней пасля ўкраінскага ўдару Казахстан часова спыняў транспартаванне нафты па трубаправодзе Атыраў — Самара.
Украіна наносіць удары па расійскай нафтавай інфраструктуры, імкнучыся абмежаваць забеспячэнне расійскага войска палівам.
эж