Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Беларускі рэжым абвінавачвае Украіну і Захад у мілітарызацыі

10.11.2026 13:24
З крытыкай ЕС ды заходніх суседзяў выступіў лукашэнкаўскі міністр замежных спраў Рыжанкоў на Міжнародным форуме забеспячэння калектыўнай бяспекі ў Маскве.
Міністр замежных спраў РБ Максім РыжанкоўSARAH YENESEL/ SARAH YENESEL

Лукашэнкаўскі чыноўнік заявіў, што суседнія дзяржавы  Польшча, Украіна і краіны Балтыі  актыўна ўзбройваюцца «на шкоду ўласнаму насельніцтву», і абвінаваціў Еўропу ў мілітарызацыі, якая нібыта «стала прычынай сацыяльных узрушэнняў, якія сёння выводзяць сотні тысяч грамадзян Еўрапейскага Саюзу на вуліцы».

Кіраўнік МЗС зазначыў, што Беларусь не збіраецца «дзейнічаць люстранымі метадамі» на фоне мілітарызацыі, якая адбываецца вакол яе. Беларусь не ігнаруе пытанні бяспекі, аднак укладае грошы ў мірныя праекты. Паводле слоў Рыжанкова, якія прыводзіць расійскае агенцтва ТАСС, такая мілітарызацыя — гэта «шлях у нікуды», а Мінск «мае на што траціць грошы» — напрыклад, на сацыяльныя праграмы і інфраструктуру.

Чыноўнік анансаваў хуткае правядзенне ў Беларусі першага раўнда кансультацый па праекце «Еўразійскай хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXI стагоддзі». З гэтай нагоды Рыжанкоў таксама раскрытыкаваў Еўрасаюз, за праводзенне палітыкі «самаізаляцыі».

Апошнім часам прадстаўнікі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі актыўна прасоўваюць ідэю адзінай еўразійскай бяспекі. На пачатку лістапада ў Мінску адбыўся ўжо чацвёрты штогадовы форум па гэтай тэматыцы.

Разам з тым лукашэнкаўскі чыноўнік ніяк не згадаў той факт, што прадпрыемствы беларускага вайскова-прамысловага комплексу цяпер актыўна працуюць на патрэбы абароннай прамысловасці РФ, пра што не раз паведамляла ініцыятыва «Белпол» ды Беларускі расследавальніцкі цэнтр.

Крыніца: «Позірк»/юл